28 траўня 2009 г. сябрам “Ваколіцы” пашчасціла наведаць вёску Стаўбун падчас правядзення там вельмі прыгожага і старажытнага абраду “Пахаванне стралы”. У абрадзе ўдзельнічалі: мясцовыя жыхары, работнікі Веткаўскага музея народнай творчасці, госці з Масквы (этнографы-энтузіясты), удзельнікі самадзейнага ансамбля “Народнае свята”, настаўніцы з ДСАШ №30 г. Гомеля, і ўсе дзяўчыны нашай суполкі (хлопцам забаронена ўдзельнічаць у абрадзе, таму яны вымушаны былі толькі здымаць усё на фотакамеру).
staub1
staub2
staub3
Абрад мае ў сваёй аснове язычніцкія карані і заўсёды супадае з хрысціянскім святам “Ушэсцем”. Спачатку жанчыны збіраюцца ў карагоды на сваёй вуліцы, пачынаючы абрад з гучнай песні. Потым, падзяліўшыся на роўныя шэрагі, накіроўваюцца ў цэнтр вёскі, дзе і ўтвараюць вялікі карагод. Трэба адзначыць, што найбольшыя ўражанні мы атрымалі, трапіўшы ў сам карагод. Гэта нават і не перадаць словамі! Спеў настолькі кранаў душу, што здавалася, нібыта сапраўды на нас ўздзейнічаюць нейкія невядомыя чароўныя сілы. Пасля карагоду, узяўшы адзін аднаго пад рукі, мы рушылі за вёску да жытнёвага поля. “Пайшоў Бог на нябёсы, пацягнуў жыта за калосы”, - спяваюць жанчыны з надзеяй на добры ўраджай і спрыяльнае надвор’е. І вось кульмінацыя дзейства - пахаванне стралы. Удзельніцы абраду iдуць у жыта, дзе рассыпаюцца паасобку і кожная “хавае” ў зямлю сваю металічную рэч: манетку, заколку, пярсцёнак. “Ляжы, мая страла, да таго года, каб жывы былі ўсе і здаровы”, - паўтараюць жанчыны. Кожная ўдзельніца загадвае нейкае асабістае жаданне. Мы таксама загадалі жаданні і, забягаючы наперад, можам сказаць, што яны на самой справе здзейсніліся. Ці не цуд гэта? А потым жанчыны зычаць адна адной: “Як прайшла страла ўздоўж сяла, так каб прайшлі гора і бяда міма нас”, - зрываюць па некалькі каласкоў і ідуць дадому. Мы атрымалі неверагодную магчымасць адчуць нешта містычнае вакол сябе. Вялікі дзякуй супрацоўнікам Веткаўскага музея народнай творчасці А. І. Скідану і Л. Д. Раманавай за запрашэнне. І, асабліва, ад імя усёй суполкі дзякуем нашаму “тамтэйшаму краязнаўцу” - студэнтцы 3 курса гістарычнага факультэта Бураковай Таццяне за яе гасціннасць і добразычліваць.

staub4
staub5
Здаўна лёс беларускага селяніна залежыў ад надвор’я і ўрадлівасці яго зямлі, якая давала яму шматлікія блага. Каб забяспечыць літасць бога Пяруна, аберагчы сябе ад яго пакаранняў, нашыя продкі вынайшлі шмат спосабаў, якія ўвасобіліся ў адмысловых абрадах, адзін з якіх захаваўся да нашых дзён. Называецца гэты абрад - абрад “ Пахавання стралы”.
Ён настолькі зацікавіў нас, што ў гэтым годзе і мы, сябры гісторыка-краязнаўчай суполкі “Ваколіца”, вырашылі паглядзець на гэты цуд старадаўняй містэрыі. Таму, сабраўшыся разам, мы адправіліся ў шлях за новымі ўражаннямі і новымі этнаграфічнымі ведамі.
Марыя Булавінская