Падарожжа ў сталіцу былога Чарнігаўскага княства адбылося дзякуючы “харызме” нашага старэйшага выкладчыка Васілія Іосіфавіча Сычова і патрымцы нашага праекту мясцовым археолагам-краязнаўцам Аляксандрам Філіпавічам Касалапавым!
Чарнігаў вельмі багаты на помнікі даўніны.Тут і паганскія курганы, і помнікі ранняй хрысціянскай архітэктуры, і будынкі XVI - пачатку ХХ ст. У Беларусі, нажаль, няма прыкладаў падобнай канцэнтрацыі старасвеччыны... А цудоўны краязнаўчы музей! Ён не мае грымоткіх тытулаў і назваў, але ж якая экспазіцыя! Адная заля XVII ст. чаго вартая!
Помнікі Чарнігава даюць выдатную магчымасць прасачыць рысы падабенства, што лучылі цяперашнія беларускія і украінскія землі, але адначасова - і адрозненні.
Вельмі цікава выглядаюць архітэктурныя "хімеры" XI - XVII ст., калі пасля далучэння Левабярэжнай Украіны да Расіі майстры перайначвалі на маскоўскі капыл мясцовыя храмы і свецкія будынкі. Калі ў нас, у Рэчы Паспалітай, уніяцкія цэрквы далі ўзнёслае "віленскае" барока, дык амаль сінхраністычнае яму барока чарнігаўскіх будынкаў дэманстравала зусім іншы мастацкі ўзор...
Моцнае ўражанне пакідаюць Антоніевы пячэры - падземны манастыр . Гэта прыклад найбольш старажытнага тыпу манастыроў на усходнеславянскіх тэрыторыях.
А побач з ім - пахаванне казацкага палкоўніка Сцяпана Падабайлы, які быў у ліку "кцітараў" - спонсараў цяперашняй мовай - манастыра і быў забіты, здаецца, пад Гомелем у 1654 годзе.
З высокай барочнай званіцы (58 м!) Траецкага манастыра бачны горад і манастырскі сабор, пабудаваны гетманам Іванам Мазепай. А ў саборы, па загаду маскоўскага патрыярха, святары і цяпер шлюць праклёны гетману - фундатару...
Што яшчэ кідаецца ў вочы пры аглядзе чарнігаўскіх славутасцяў - іхная натуральнасць і нязмушанасць. Не муляе вока ўжо звычны фанабэрысты і нахабны "еўрарэмонт", які ў нас частакроць замяняе сапраўдную рэстаўрацыю і ператварае помнік старасвеччыны ў муляж самога сябе...
На жаль, за дзень нават вельмі інтэнсіўнага знаёмства магчыма атрымаць толькі першае, досыць урыўкавае - але і неверагодна моцнае - ўражанне.
Спадзяемся на новыя сустрэчы са старажытным Чарнігавам!
Сведкі-рамантыкі сцвярджаюць, што матрыца фотаапарата выпадкова зафіксавала тут таямнічага манаха-зданя, якога дагэтуль сустракаюць у наваколлях і скляпеннях Антоніевых пячор....
В. Міхедзька
Студэнты ўсюды аднолькавыя?!