4.05.2008
Новая вандроўка - новыя ўражанні! На гэты раз нашым "правадыром" стаў студэнт 3 курса Віктар Ляпёшкін ! Па прыездзе ў Бабруйск мы спачатку накіраваліся ў крэпасць ХІХ ст., якая была пабудавана на месцы старога замка паводле праекта Опермана. І зараз гэта некалі магутная цытадэль узрушвае сваімі масштабамі, але яе абарончыя збудаванні сёння, на жаль, знаходзяцца ў паўзруйнаваным стане. Пры гэтым на тэрыторыі крэпасці захаваліся некаторыя будынкі шпіталяў, казарм, штаба, якія помняць дзекабрыстаў. Тут С. І. Мураўёвым-Апосталам, В. С. Норавым, М. П. Бястужавым-Руміным быў распрацаваны так званы "бабруйскі план" арышту Аляскандра І, а ў 1826 г. прапаршчыкам С. П. Трусавым была зроблена спроба падняць паўстанне. Пасля "прабегу" па тэрыторыі крэпасці мы наведалі бабруйскі краязнаўчы музей, экспазіцыя якога - сапраўдны твор мастацтва. Потым нашу ўвагу прыцягнулі вуліцы горада, на якіх размешчаны будынкі банкаў, асабнякоў, жылых дамоў канца ХІХ - пачатку ХХ ст. Не абмінулі мы і помнік бабру, які, як кажуць, прыносіць багацце і поспех. Бабруйск уразіў і зацікавіў нас не толькі сваёй гісторыяй, а і сваімі жыхарамі.
Каб пабачыць нават толькі самае цікавае катастрафічна не хапала адведзенага на вандроўку часу, але ж тое было вартае таго! Перад ад'ездам мы атрымалі цудоўны падарунак: некалькі хвілін адпачынку і пакою ў касцёле імя Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі, які, як і шматлікія беларускія храмы, яшчэ чакае сваёй рэстаўрацыі.
P. S. Парада турысту:
Калі вы будзеце ехаць у бабруйскім тралейбусе, перадаючы квіток, каб яго прабілі, прывяжыце, на ўсялякі выпадак, яго на вяровачку.