На філалагічным факультэце падведзены вынікі Летняй школы беларускай мовы і культуры
14 чэрвеня на філалагічным факультэце ГДУ імя Ф. Скарыны былі падведзены вынікі Міжнароднага адукацыйнага праекта «Летняя школа беларускай мовы і культуры». Удзельнікамі праекта сталі студэнты і выкладчыкі філалагічнага факультэта Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя М. В. Ламаносава.
Праграма школы ўключала практычныя заняткі па фанетыцы і граматыцы беларускай мовы, лекцыі ад прафесараў В. А. Ляшчынскай, А. М. Мельнікавай, І. Ф. Штэйнера.
Культурная праграма была накіравана на развіццё маўленчых навыкаў праз знаёмства з гісторыяй і культурай нашай краіны.
Удзельнікі Летняй школы беларускай мовы і культуры наведалі з экскурсіяй палац Булгакаў у Жылічах і сядзібу Козел-Паклеўскіх ў Чырвоным Беразе. Палац у Жылічах уразіў веліччу архітэктурнага рашэння, багаццем дэкору, вытанчанасцю аздаблення
Сядзіба Козел-Паклеўскіх – нібы замак з дзіцячых казак. Разнастайнасць гістарычных стыляў (ад готыкі да барока) у інтэр'ерах, арабскія матывы, маляўнічы парк – усё гэта спадабалася гасцям з Масквы.
Мемарыяльны комплекс «Дзецям – ахвярам вайны» не пакінуў нікога абыякавым. Тут гісторыя гаворыць галасамі самых безабаронных, прымушаючы задумацца пра каштоўнасць жыцця!







Экскурсія ў Гомельскую абласную ўніверсальную бібліятэку імя У.І. Леніна
14 чэрвеня ўдзельнікі Летняй школы беларускай мовы і літаратуры разам са старшым выкладчыкам Дробышэўскай Людмілай наведалі Музей рэдкай кнігі, Літаратурны музей пісьменнікаў Гомельшчыны і Мемарыяльны зал народнага пісьменніка БССР Андрэя Макаёнка.
У Музеі рэдкай кнігі ім паказалі прыватную калекцыю кніг князёў Паскевічаў, а таксама ўдзельнікі экскурсіі пазнаёміліся з экспазіцыяй рэдкіх і мінімалістычных выданняў і самой маленькай кнігай, надрукаванай друкарскім спосабам.
Выказваем падзяку супрацоўнікам бібліятэкі за такую пазнавальную і цікаву экскурсію.





Не музеем адзіным жыве Ветка!
Для ўдзельнікаў Міжнароднага адукацыйнага праекта "Летняя школа беларускай мовы і культуры" было арганізавана знаёмства з прасторай Арт-Ветка.
Гаспадар прасторы Пятро Цалка (дарэчы, выпускнік філалагічнага факультэта нашага ўніверсітэта ) сустрэў нас смачным абедам з традыцыйных беларускіх страў! А потым правёў майстар-клас "Неглюбскі строй " На заканчэнне ўсіх пачаставалі гарбатай з беларускіх зёлак і пернікамі, выпечанымі па старажытным веткаўскім рэцэпце!





Запаведнік старажытных ікон і ручнога ткацтва!
Удзельнікі Летняй школы беларускай мовы і культуры наведалі Веткаўскі музей стараабрадніцтва і традыцыйнай беларускай культуры.
У час экскурсіі пазнаёміліся з гісторыяй узнікнення Веткі, традыцыямі мясцовага іканапісу і ручнога ткацтва , убачылі цудоўна дэкараваныя рукапісы і нават спрабавалі прачытаць рукапісныя тэксты на ідыш.
<




Дыплом пераможца 1 катэгорыі ХХХІІ Рэспубліканскага конкурсу навуковых работ студэнтаў
Выпускніца магістратуры філалагічнага факультэта атрымала дыплом пераможца 1 катэгорыі ХХХІІ Рэспубліканскага конкурсу навуковых работ студэнтаў.
Віншуем!










