Знаёмства працягваецца
Слухачы падрыхтоўчага аддзялення, якія прыехалі да нас вучыцца з розных краін свету, працягваюць знаёміцца з гарадской прасторай. Чарговая пешаходная экскурсія пачалася ад універсітэта па вуліцы Савецкай і закончылася ў цэнтральным парку.
Ідучы па галоўнай магістралі горада, мы ўбачылі шмат важных аб’ектаў: кандытарская фабрыка “Спартак”, універмаг “Гомель”, панчошна-трыкатажная фабрыка “ 8-е сакавіка”, кафэ, магазіны, банкі, цырк. У скверы імя А.А. Грамыкі слухачы ўбачылі макеты помнікаў сусветнай спадчыны. Ля тэатра лялек іх уразілі скульптуры вядомых дзіцячых персанажаў.
Незабыўнае ўражанне пакінула рака Сож, якая ў гэтым годзе разлілася, выйшаўшы з берагоў. Слухачы зацікавіліся музеем баявой славы і палацава-паркавым ансамблем, выказаўшы жаданне іх наведаць. Прыцягвала ўвагу таксама і шматлікая рэклама. Яна ўважліва прачытвалася. Несумненна, што такія заняткі карысныя і патрэбныя на першапачатковым этапе вывучэння мовы. Час экскурсіі праляцеў неўпрыкмет хутка. Памятныя фотаздымкі папоўнілі альбом замежцаў. Яны будуць прыемным успамінам аб знаходжанні на нашай зямлі.