«Восеньская віктарына»
06.11.2020 – у час школьных канікул на філалагічным факультэце дацэнтам кафедры беларускай мовы Шведавай З.У. сумесна з настаўніцай беларускай мовы і літаратуры ДУА “Гімназія № 51 г. Гомеля” Афанасьевай Н.В. была арганізавана і праведзена для вучняў 9 класа «Восеньская віктарына» анлайн на платформе Jitsi Meet.
У рамках віктарыны студэнтка 3 курса спецыяльнасці “Беларуская філалогія” Дрывайла Аляксандра правяла прафарыентацыйную гутарку па рэкламе філалагічнага факультэта і ўніверсітэта. Пытанні віктарыны былі арыентаваны на веданне лексікі, фразеалагізмаў і прыказак беларускай мовы. Вучні паказалі высокі ўзровень валодання роднай мовы, былі зацікаўлены жыццём студэнтаў, выказалі жаданне прыйсці на экскурсію на філалагічны факультэт ГДУ імя Ф. Скарыны.
Чакаем вас у сценах нашай alma-mater!
У ІМКНЕННІ ДА ВЕДАЎ!
31.10.20 на базе Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны прайшоў абласны этап Рэспубліканскага конкурса вучняў сярэдніх адукацыйных школ “Пошук”. Цікавыя і разнастайныя работы былі пададзены ў секцыю “Беларуская літаратура”. Работы ахоплівалі самае шырокае кола праблем: гульня і інтэртэкстуальнасць у мастакім творы, спецыфіка гатычнага рамана, функцыянальная роля пейзажа ў мастакім творы, пытанні кампаратывістыкі, каларыстыка, жанравая спецыфіка твораў, пытанні фальклору і міфалогіі і г.д. Паказальна, што ў паўфінал абласнога этапу выйшлі не толькі прадстаўнікі г. Гомеля, але і навучэнцы са Жлобінскага, Мазырскага, Нараўлянскага, Хойніцкага раёнаў.
Пераможцамі абласнога этапу сталі Руцкая Марыя (дыплом 1 ступені, гімназія № 71 г. Гомеля), Сідаровіч Ангеліна (дыплом 2 ступені, сярэдняя школа № 30 г. Гомеля), Траццякова Кацярына (дыплом 2 ступені, гімназія № 51 г. Гомеля), Буцько Паліна (дыплом 3 ступені, Лельчыцкая гімназія), Зайцава Вікторыя (дыплом 3 ступені, сярэдняя школа № 11, г. Мазыр), Сіпайла Д. (дыплом 3 ступені, сярэдняя школа № 1 г. Хойнікі).
У складзе журы па беларускай літаратуры працавалі Мельнікава Анжэла Мікалаеўна, доктар філалагічных навук, прафесар кафедры беларускай літаратуры, Кастрыца Алена Аляксандраўна (старшыня журы), кандыдат філалагічных навук, дацэнт кафедры рускай і сусветнай літаратуры.
Выніковы этап гомельскай абласной навукова-практычнай канферэнцыі вучняў “Пошук”
31.10.2020 праходзіў выніковы этап гомельскай абласной навукова-практычнай канферэнцыі вучняў “Пошук”. Праца секцыі “Лінгвістыка (беларуская мова)” праходзіла на базе філалагічнага факультэта ГДУ імя Ф. Скарыны. Папярэдне членамі экспертнай камісіі – дацэнтамі кафедры беларускай мовы Вяргеенка С.А. і Шведавай З.У. былі вызначаны 12 лепшых навуковых работ, улічвалася актуальнасць тэмы, пастаноўка мэты і задач работы, іх дасягненне і практычная значнасць, крэатыў у падыходзе да відэапрадстаўлення работы. 31 кастрычніка адбылася анлайн-дыскусія з вучнямі вызначаных работ, якая паказала, што вучні зацікаўлены навуковай работай, валодаюць матэрыялам і здольныя прадаўжаць работу ў вызначаным накірунку.
Беларусь і Украіна: культурныя сувязі ў кантэксце часу
30.10.20 для студэнтаў 4 курса філалагічнага факультэта спецыяльнасці “Беларуская філалогія (літаратурна-рэдакцыйная дзейнасць)” была праведзена адкрытая лекцыя доктара філалагічных навук прафесара кафедры ўкраінскай літаратуры і кампаратывістыкі Інстытута ўкраінскай філалогіі і сацыяльных камунікацый Чаркаскага нацыянальнага ўніверсітэта імя Багдана Хмяльніцкага Л.І Рамашчанка на тэму "Беларуска-ўкраінскія літаратурныя сувязі".
Сваю лекцыю Л.І. Рамашчанка пабудавала храналагічна, пачынаючы ад 17 стагоддзя, падала шматлікія звесткі пра ўраджэнцаў беларускіх земляў, якія пакінулі значны след ў гісторыі і культуры Украіны, акрэсліла тыпалагічныя сыходжанні ў творах беларускіх і ўкраінскіх пісьменнікаў.
Лекцыя вылучалася змястоўнасцю і насычанасцю матэрыялу. Была прадэманстравана змястоўная прэзентацыя. Па просьбе студэнтаў Людміла Іванаўна чытала лекцыю на ўкраінскай мове. Пры гэтым паказала і выключнае валоданне беларускай. Асабліва захоплена студэнты віталі дэкламацыю перакладаў вершаў украінскіх пісьменнікаў на беларускую мову. Лекцыя пакінула самыя станоўчыя ўражанні.
Прафесар кафедры беларускай літаратуры А. М. Мельнікава
Лекцыя «Сучасні підходи до організації освітнього процесу в інформаційному просторі: українська мова та інфомедійна грамотність»
30 кастрычніка 2020 г. у рамках праграмы «Запрошаны прафесар» была прачытана загадчыкам кафедры ўкраінскай і замежнай літаратуры Мелітопальскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Б. Хмяльніцкага (Україна) Шаровай Таццянай Міхайлаўнай лекцыя «Сучасні підходи до організації освітнього процесу в інформаційному просторі: українська мова та інфомедійна грамотність» студэнтам 3 курса спецыяльнасці “Беларуская філалогія” (мадэратар сустрэчы – дацэнт кафедры беларускай мовы Шведава З.У.)
Таццяна Міхайлаўна прадэманстравала магчымасці інтэрнэт-прасторы ў авалоданні і папулярызацыі мовы на прыкладзе ўкраінскай. Лектар падзялілася ўласнымі напрацоўкамі, паказала прыклады тыпаў кантэнту, сварэння інфаграфікі, вучэбных гульняў і інш. з дапамогай анлайн-сэрвісаў, паказала магчымасці анлайн-трэнажораў.
Студэнты добра разумелі ўкраінскую мову, актыўна ўдзельнічалі ў гульнях. Лекцыя для іх была змястоўнай, цікавай, пазнавальнай і карыснай.
Вялікі дзякуй Таццяне Міхайлаўне за слушную лекцыю, спадзяемся на далейшае супрацоўніцтва.