Навіны НВФЛ
- Подробности
- Просмотров: 2572
24 красавіка 2025 г. адбылося пасяджэнне секцыі "Фалькларыстыка" LlV студэнцкай навуковай канферэнцыі "Актуальныя праблемы мовазнаўства і літаратуразнаўства".
Кіраўнік секцыі Новак В. С., сакратар - Казлякоўскі Аляксей. Выступілі студэнты 3, 2 і 1 курсаў. Даклады былі прысвечаны даследаванню традыцый радзінна-хрэсьбіннай абраднасці г. Гомеля, Жыткавіцкага раёна, рэгіянальна-лакальных асаблівасцей вясельнай абраднасці Калінкавіцкага і Чачэрскага раёнаў. Цікавымі былі выступленні, прысвечаныя абраду выклікання дажджу на тэрыторыі Рагачоўскага раёна, прыказкам і прымаўкам у сучасных запісах (на матэрыяле фальклору г. Гомеля), традыцыям пахавальнай абраднасці Чачэрскага раёна і інш.
21 красавіка 2025 г. студэнты групы ЭІ-21 у межах вывучэння тэмы "Культура Беларусі" па дысцыпліне "Культуралогія" далучыліся да традыцыйнай духоўнай спадчыны нашых продкаў. Прафесар В. С. Новак пазнаёміла студэнтаў з цікавымі з'явамі народнага календара і сямейнай абраднасці беларусаў. Гутарка была важнай для выхавання высокай грамадзянскасці асобы, пачуцця патрыятызму, гонару за свой народ, яго невычэрпную скарбонку народнай мудрасці і перададзены нашчадкам у спадчыну дасканалы маральна-этычны кодэкс. Студэнтам былі прадэманстраваны асобныя выданні па народнай духоўнай культуры Гомельшчыны як рэгіёна, у якім і сёння захоўваецца самабытная фальклорная спадчына беларусаў.
14 красавіка 2025 г. адбылася LIV студэнцкая навуковая канферэнцыя "Актуальныя праблемы мовазнаўства і літаратуразнаўства". На пленарным пасяджэнні з дакладам, прысвечаным народным вераванням жыхароў Калінкавіцкага раёна, выступіў студэнт 3 курса (група БЗА-31) Казлякоўскі Аляксей Аляксандравіч . Студэнт засяродзіў увагу на павер'ях, звязаных з народнай метэаралогіяй, каляндарнай і сямейнай абраднасцю. Дакладчык прывёў цікавыя прыклады, выкарыстаныя аўтарам з матэрыялаў палявых экспедыцый. Рыхтуючы выступленне, аўтар працаваў ў архіве навукова-вучэбнай фальклорнай лабараторыі пры кафедры рускай і сусветнай літаратуры.
29 студзеня ў дзяржаўнай установе "Лельчыцкая раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма" адбылася прэзентацыя кнігі "У ціхіх Лельчыцах сэрца лечыцца" (Гомель, 2024 г.). У гэтым мерапрыемстве прыняла ўдзел прафесар кафедры рускай і сусветнай літаратуры, доктар філалагічных навук, прафесар Валянціна Новак як адзін з укладальнікаў выдання, прысвечанага народнай духоўнай культуры Лельчыцкага Палесся.
У сустрэчы таксама прынялі ўдзел дырэктар установы "Гомельскі абласны цэнтр народнай творчасці" Наталля Сафрановіч і дырэктар установы "Гомельская абласная ўніверсальная бібліятэка імя У. І. Леніна" Таццяна Забіяка. Валянціна Новак расказала, як стваралася кніга, які яе змест і пазнаёміла прысутных з яскравымі адметнымі асаблівасцямі бытавання фальклорных традыцый лельчыцкага краю.
Напрыканцы выступлення было адзначана, што прадстаўленыя ў кнізе аўтэнтычныя фальклорныя матэрыялы, сабраныя студэнтамі і выкладчыкамі ГДУ імя Ф. Скарыны ў палявых экспедыцыях на тэрыторыі Лельчыцкага раёна, з'яўляюцца надзвычай багатай і каштоўнай крыніцай народнай мудрасці.
https://www.lelchbibl.by/ru/chitaemye/prezentatsiya-knigi-u-tsikhikh-lelchytsakh-sertsa-lechytstsa-narodnaya-dukho-naya-kultura-lelchytskaga-rajona
13 снежня студэнты групы РФ-11 наведалі разам з прафесарам В. С. Новак філіял Веткаўскага музея стараабрадніцтва і беларускіх традыцый імя Ф. Р. Шклярава. Экскурсавод прапанавала наведвальнікам-філолагам цікавае падарожжа ў мінулае нашых продкаў, удала спалучыўшы ў сваім расповедзе этнаграфічныя звесткі і фальклорныя матэрыялы пра экспанаты выставы. Напрыклад, з захапленнем слухалі пра семантыку розных ўзораў на арнаментальных кампазіцыях ручнікоў, якія, даносячы да нас далёкі голас беларусаў з мінулага, знаёмілі з высокім сэнсам Космасу продкаў. Цікава было пазнаёміцца з семантыкай архетыпу крыжа, з асновамі ткацкага рамяства і інш. Далучэнне да народнай спадчыны, матэрыяльнай і духоўнай, было надзвычай карысным для першакурснікаў, мела і пазнавальнае, і выхаваўчае значэнне.
«У ціхіх Лельчыцах сэрца лечыцца: народная духоўная культура Лельчыцкага раёна» – так называецца чарговая кніга з серыі «Мая малая радзіма», аўтарамі-ўкладальнікамі якой з’яўляюцца д.ф.н., прафесар Валянціна Новак, к.ф.н., дацэнт Алена Кастрыца. У кнізе прадстаўлены звесткі пра знакамітых асоб і творчыя калектывы Лельчыцкага раёна, змешчаны артыкулы, прысвечаныя тапанімічным і этналінгвістычным з'явам, апублікаваны матэрыялы палявых экспедыцый апошніх дзесяцігоддзяў на тэрыторыі раёна і артыкулы, у якіх асэнсаваны лакальна-рэгіянальныя асаблівасці фальклорна-этнаграфічных і міфалагічных з'яў. На думку прарэктара па навуковай рабоце УА «Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Францыска Скарыны» Дзмітрыя Леанідавіча Каваленкі, «у гэтым запаветным краі захаваліся старадаўнія абрады, звычаі, песні, казкі, легенды, прыказкі і прымаўкі, прыкметы і павер'і і іншыя фальклорныя жанры, носьбітамі якіх з'яўляліся і з'яўляюцца сёння самі жыхары, працалюбівыя і таленавітыя, гасцінныя і душэўныя палешукі. Яны шчыра шануюць сваю малую радзіму, актыўна зберагаюць шматвяковую спадчыну роднай зямлі». Вывучэнне традыцыйнай духоўнай спадчыны беларусаў – справа важная і пачэсная. На ўручэнні прэміі «За духоўнае адраджэнне» ў 2023 годзе Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка адзначыў: «Ад таго, як мы беражом чысціню роднай мовы, якія святы і сімвалы ўпускаем у свой дом, залежыць будучыня нашых дзяцей»
https://www.gsu.by/ru/node/8221
Студэнты групы ФІН -21 разам з выкладчыкам, прафесарам Валянцінай Новак наведалі філіял Веткаўскага музея стараабрадніцтва і беларускіх традыцый імя Ф. Р. Шклярава
1 кастрычніка 2024 г. на філалагічным факультэце адбылася канферэнцыя, прысвечаная вынікам вучэбнай фальклорнай практыкі, якой кіравалі выкладчыкі кафедры рускай і сусветнай літаратуры прафесар В. С. Новак і дацэнт А. А. Кастрыца. У аўдыторыі сабраліся студэнты першага курса (груп БФ-11 і РФ-11), якіх таксама ўлетку 2025 г. чакаюць цікавыя сустрэчы з носьбітамі традыцыйнай духоўнай культуры.
Свае змястоўныя справаздачы, якія суправаджаліся прэзентацыямі, прадставілі студэнты групы РФ-21, якія зацікавілі гледачоў не толькі звесткамі пра запісаныя ў вёсках Чачэрскага раёна абрады і звычаі, прыкметы і павер'і, але і тымі цёплымі ўспамінамі, што засталіся ў кожнага з ўдзельнікаў палявой экспедыцыі падчас сустрэчы з жыхарамі. Менавіта гэтым сціплым і працавітым, шчодрым і гасцінным людзям былі адрасаваны студэнтамі словы ўдзячнасці за імкненне захаваць і перадаць у спадчыну скарбы народнай мудрасці.
Студэнты і выкладчыкі не толькі плённа папрацавалі падчас экспедыцыі, але і пазнаёміліся з унікальнымі архітэктурнымі помнікамі, музеямі. Як адзначылі самі студэнты: "Уезжали с ощущением, что прикоснулись к чему-то важному, историческому, настоящему".
Сабраныя ў экспедыцыі і архіўныя фальклорна-этнаграфічныя матэрыялы складуць аснову кнігі, прысвечанай народнай духоўнай культуры Чачэрскага раёна.
19 красавіка 2024 г. адбылося пасяджэнне секцыі "Фалькларыстыка", удзел у якой прынялі студэнты першага курса спецыяльнасці "Беларуская мова і літаратура, замежная, мова (англійская), а таксама студэнты 2 курса спецыяльнасці Руская філалогія". Сакратар секцыі А. А. Казлякоўскі разам з прафесарам В. С. Новак запрашалі кожнага з удзельнікаў агучыць свой даклад. Прысутныя задавалі пытанні. Паведамленні студэнтаў былі змястоўнымі, цікавымі і карыснымі. Навуковыя распрацоўкі студэнтаў былі прысвечаны розным фальклорным жанрам, асобныя выступленні былі падрыхтаваны на ўласных запісах аўтараў, а таксама выкарыстаны матэрыялы навукова-вучэбнай фальклорнай лабараторыі ГДУ імя Ф. Скарыны.