Гісторыя Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны пачынаецца з 1929 года, калі пастановай ЦВК БССР было прынята рашэнне аб адкрыцці ў Гомелі аграпедагагічнага інстытута. Выконваючы гэту пастанову, Калегія народнага камісарыята адукацыі БССР 7 мая 1930 года прыняла рашэнне аб прафіліраванні Гомельскага інстытута па трох кірунках – сацыяльна-гістарычным, літаратурна-лінгвістычным і фізіка-тэхнічным. Да 1933 года інстытут вёў падрыхтоўку настаўнікаў для школ з двухгадовым тэрмінам навучання. У 1933 годзе ён быў пераўтвораны ў педагагічны інстытут з трохгадовым тэрмінам навучання. Праз год інстытут быў рэарганізаваны ў ВНУ з чатырохгадовай праграмай навучання, якая прадугледжвала падрыхтоўку выкладчыкаў матэматыкі, фізікі, хіміі і прыродазнаўства. 5 сакавіка 1939 года Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР інстытуту прысвоена імя праслаўленага лётчыка В. П. Чкалава. За гады існавання інстытут падрыхтаваў для розных галін народнай гаспадаркі каля 13000 высокакваліфікаваных спецыялістаў, былі дасягнуты значныя поспехі ў сферы навукі. Высокай адзнакай працы калектыву інстытута стала Пастанова ЦК КПБ і Савета Міністраў ад 14 сакавіка 1969 года № 93 аб пераўтварэнні Гомельскага педагагічнага інстытута ў Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт – другую ў Беларусі ВНУ такога высокага рангу. За вялікія дасягненні ў вывучэнні і навуковым даследаванні культурнай спадчыны беларускага народа, культурна-асветніцкай дзейнасці найбуйнейшага гуманіста эпохі Адраджэння, усходнеславянскага і беларускага першадрукара Францыска Скарыны Саветам Міністраў БССР 29 лістапада 1988 года ўніверсітэту было прысвоена яго імя. Сёння Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Францыска Скарыны – гэта найбуйнейшы навукова-даследчы і вучэбны цэнтр, які па праву атрымаў прызнанне ў айчыннай і сусветнай навуковай грамадскасці. Старэйшая ВНУ рэгіёна стала сапраўдным інтэлектуальна-культурным ядром Беларускага Палесся. Навуковы патэнцыял ГДУ імя Ф. Скарыны дастаткова салідны. Агульная колькасць супрацоўнікаў – 1422 чалавекі, у тым ліку прафесарска-выкладчыцкі склад (без сумяшчальнікаў) – 657 чалавек. У ліку прафесарска-выкладчыцкага складу 39 дактароў, 34 прафесары, 248 кандыдатаў навук, 205 дацэнтаў. Сярод дактароў навук 4 члены-карэспандэнты НАН Беларусі (А.У.Рагачоў, А.М. Сердзюкоў, Р.Р. Ганчарэнка, У.Ф. Багінскі). Рэзервам навуковых і выкладчыцкіх кадраў з’яўляецца аспірантура (51 спецыяльнасць) і дактарантура (5 спецыяльнасцей). З 2004 года адкрылася магістратура. Ва ўніверсітэце дзейнічае савет па абароне дысертацый па 5 спецыяльнасцях, у тым ліку адзін доктарскі. Асноўнымі формамі навуковай дзейнасці ГДУ з’яўляюцца: выкананне фундаментальных, прыкладных і гасдагаварных навукова-даследчых работ; арганізацыя і правядзенне навуковых канферэнцый і семінараў; падрыхтоўка кадраў вышэйшай навуковай кваліфікацыі; арганізацыя і кіраўніцтва студэнцкай навукай; выставачная і інфармацыйная дзейнасць па прапагандзе дасягненняў навукі праз сродкі інфармацыі; вынаходніцтва і рацыяналізатарства; выдавецтва навуковай літаратуры (публікацыя манаграфій, артыкулаў, тэзісаў, часопісаў, зборнікаў). Універсітэт праводзіць фундаментальныя, пошукавыя і прыкладныя даследаванні па 14 асноўных накірунках, зацверджаных 02.03.2016 г. Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь, якія адпавядаюць профілю выпускаемых спецыялістаў і сфарміраваны на аснове Пераліку прыярытэтных накірункаў фундаментальных і прыкладных навуковых даследаванняў Рэспублікі Беларусь на 2016-2020 гады, зацверджанага Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь 12.03.2015 г. № 190. У 2011 годзе ўніверсітэт прайшоў акрэдытацыю ў Дзяржаўным камітэце па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь і Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі ў якасці навуковай арганізацыі (пасведчанне пра акрэдытацыю навуковай арганізацыі ад 20 красавіка 2011 г., № 7). У склад універсітэта ўваходзіць 2 навукова-даследчых інстытута: гісторыі і культуры ўсходнеславянскіх народаў (з 2002 года) і фізіка-хімічны (з 2016 года) ; з 2006 года функцыянуе Цэнтр калектыўнага карыстання па экалагічнаму маніторынгу і даследаванню складу і ўласцівасцей рэчываў (ЦКК “Ізамер”) у складзе чатырох навукова-даследчых лабараторый: “Фізікахімія і тэхналогіі мікра- і нанапамерных сістэм”; “Фізікі і хіміі палімераў”; “Маніторынг экасістэм” і “Мас-спектраметрычны аналіз”. ЦКК забяспечаны ўнікальным навуковым абсталяваннем, а таксама высокакваліфікацыйнымі спецыялістамі для яго абслугоўвання і правядзення даследаванняў. Акрамя ЦКК, ва ўніверсітэце працуе яшчэ 14 навукова-даследчых лабараторый, якія займаюцца навуковымі даследаваннямі ў розных галінах ведаў, у тым ліку міжнародная Кітайска-Беларуская навуковая лабараторыя па вакуумна-плазменных тэхналогіях. Усяго ў 2015 годзе ва ўніверсітэце выконвалася 167 тэм (112 фінансуемых і 45 не фінансуемых, г.зн. тых, што выконваюцца за кошт другой паловы рабочага дня ПВС па асноўнай пасадзе), у тым ліку 63 заданні ДПНД, 31 грант БРФФД і 15 тэм па гаспадарчых дагаворах, выконваемых па заказах прадпрыемстваў і арганізацый Рэспублікі Беларусь, краін бліжняга і дальняга замежжа. У 2015 годзе аб’ём НДР і паслуг склаў 9480,34 млн.руб (сродкі Міністэрства адукацыі – 5654,6 млн.руб; сродкі рэспубліканскага бюджэту іншых заказчыкаў – 1887,55 млн.руб.; гаспадарчыя дагаворы – 693,19 млн.руб.; аказанне паслуг – 1245,0 млн.руб. Вялікіх поспехаў дасягнуў універсітэт ў галіне міжнароднага супрацоўніцтва. На працягу апошніх пяці гадоў назіраецца істотнае павышэнне якасці міжнароднай дзейнасці ўніверсітэта, расце яго прызнанне за мяжой. Навукаёмістыя высокатэхналагічныя распрацоўкі ўніверсітэта выкарыстоўваюцца не толькі айчыннымі прадпрыемствамі і арганізацыямі, але і экспартуюцца за межы рэспублікі. Пацверджаннем арыгінальнасці і навізны ўзораў новай тэхнікі і тэхналогій, створаных вучонымі ўніверсітэта, з’яўляецца атрыманне імі аўтарскіх пасведчаннеў і патэнтаў, а таксама медалёў і дыпломаў на прэстыжных міжнародных выставах. Так, у 2015 годзе 33 экспанаты ўніверсітэта дэманстраваліся на 15 розных выставах, якія праводзіліся як у Беларусі, так і за яе межамі. Універсітэтам устаноўлены цесныя навуковыя сувязі па выкананні навукова-даследчых работ з Расіяй, Украінай, Літвой, Кітаем, Фінляндыяй, Швейцарыяй і інш. Сувязі з вучэбнымі і навуковымі цэнтрамі свету па выкананні НДР пастаянна пашыраюцца. У 2015 выконвалася 20 НДР у межах міжнароднага супрацоўніцтва. Выніковасць навуковых даследаванняў падтрымліваецца на дастаткова высокім узроўні. Так, у 2015 г. выдадзена 27 манаграфіі, 4 вучэбных дапаможнікаў з грыфам Міністэрства адукацыі і іншых устаноў, 51 зборнік навуковых прац, 2065 артыкулаў у часопісах і зборніках навуковых прац, у тым ліку 288 – у часопісах дальняга замежжа. Асноўную масу публікацый складаюць вакаўскія – 294, з імпакт-фактарам і ўваходзячыя ў Філадэльфскі спіс – 41. Таксама ў 2015 г. вынікі 87 распрацовак універсітэта выкарыстаны у вучэбным працэсе; атрымана 12 патэнтаў. Ва ўніверсітэце выдаюцца 2 навуковыя часопісы «Известия Гомельского государственного университета имени Франциска Скорины» з перыядычнасцю 6 нумароў за год і «Проблемы физики, математики и техники», які выходзіць з перыядычнасцю 4 часопісы за год, унесеныя ў пералік ВАКа для публікацыі матэрыялаў дысертацыйных даследаванняў, а таксама ў Агульнарасійскі матэматычны партал Math-Net.Ru і навуковую электронную бібліятэку eLIBRARY.RU. Працягваецца работа па выданні часопіса «Проблемы физики, математики и техники» на англійскай мове. Штогод выдаецца зборнік навуковых работ студэнтаў і аспірантаў «Творчество молодых». У 2015 годзе ён выйшаў у трох частках. Вядучая роля ГДУ ім. Ф.Скарыны ў развіцці навуковых даследаванняў выражаецца ў арганізацыі і правядзенні міжнародных, рэспубліканскіх і абласных навуковых канферэнцый. У 2015 годзе ўніверсітэт выступіў ініцыятарам і арганізатарам 29 навуковай канферэнцыі, у тым ліку 13 студэнцкіх. У сакавіку-красавіку 2015 ва ўніверсітэце праведзены “Дні студэнцкай навукі”. Усе факультэты прынялі актыў удзел у дадзеным мерапрыемстве – былі праведзены канферэнцыі на кафедрах і факультэтах. Па выніках канферэнцыі выдадзены зборнік тэзісаў найбольш цікавых дакладаў студэнтаў, магістрантаў і аспірантаў “ДНІ СТУДЭНЦКАЙ НАВУКІ” ў 2-х частках. Аб стане НДРС ва ўніверсітэце сведчаць наступныя лічбы: у 2015 годзе на канферэнцыях розных узроўняў студэнтамі было прачытана 2177 дакладаў; апублікаваны 2062 навуковыя працы. Колькасць навуковых работ і экспанатаў студэнтаў, якія сталі пераможцамі на конкурсах і выставах рознага ўзроўню ў 2015 годзе, склала 140. У 2015 г. на Рэспубліканскі конкурс на лепшую студэнцкую работу па прыродазнаўчых, тэхнічных і гуманітарных навуках прадстаўлена 145 прац. Па выніках конкурса прысуджаны званні “Лаўрэат Рэспубліканскага конкурса навуковых работ студэнтаў 2015 года” 4 аўтарам. Дыпломамі першай катэгорыі ўзнагароджана 24 работы, другой катэгорыяй – 75 работ, трэцяй катэгорыяй – 28 работ, без катэгорыі – 14 работ. Сёння ва ўніверсітэце працуе 42 студэнцкіх творчых падраздзяленняў. Асноўная іх задача – паляпшэнне падрыхтоўкі высокакваліфікаваных спецыялістаў, якія валодаюць сучаснымі дасягненнямі навукі і тэхнікі, комплексам навыкаў і метадаў правядзення навуковых даследаванняў. Міжнароднае супрацроўніцтва ўстановы адукацыі “Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Ф. Скарыны” праяўляецца ў развіцці кантактаў і заключэнні дагавораў з замежнымі партнёрамі, рэалізацыі сумесных праектаў і праграм, удзеле ў міжнародных канферэнцыях, арганізацыі і правядзенні міжнародных мерапрыемстваў з удзелам замежных спецыялістаў. Ва ўніверсітэце дзейнічае 135 дагаварой аб супрацоўніцтве з замежнымі адукацыйнымі і навуковымі ўстановамі з 30 краінамі свету, у тым ліку: 60 дагавароў – з краінамі дальняга замежжа (Кітай, Ісламская Рэспубліка Іран, Венгрыя, В’етнам, Індыя, Германія, Швецыя, Фінляндыя, Францыя, ЗША, Японія, Польшча, Румынія, Сербія, Славакія, Балгарыя, Чэхія, Мексіка, Іспанія, Карэя, Тайвань) і 75 дагавароў – з ВНУ блізкага замежжа (Расія, Украіна, Малдова, Латвія, Літва, Казахстан, Кыргызстан). Усе дагаворы заключаны на безвалютнай аснове і прадугледжваюць узаемадапамогу ў навуковых даследаваннях і падрыхтоўцы спецыялістаў, абмен студэнтамі і навуковай інфармацыяй. Паспяхова функцыянуе кабінет кітаязнаўства, які быў адкрыты ў чэрвені 2006 года пры падтрымцы і садзеянні Пасольства КНР у Рэспубліцы Беларусь. Заняткі ў ім праводзяць выкладчыкі з Кітая, якія прыбылі на работу пры падтрымцы Пасольства КНР у Рэспубліцы Беларусь у межах Пагаднення паміж Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь і Дзяржаўнай канцылярыяй Кітая па міжнародным распаўсюджанні кітайскай мовы. На філалагічным факультэце паспяхова працуе навукова-метадычны цэнтр Цэнтр русістыкі, адкрыты пры падтрымцы Пасольства Расійскай Федэрацыі ў Рэспубліцы Беларусь. З 2006 года ўніверсітэт уваходзіць у Асацыяцыю “Інтэр-Акадэмія”. Асацыяцыя з’яўляецца міжнароднай арганізацыяй, якая аб’ядноўвае 7 універсітэтаў з Японіі, Германіі, Венгрыі, Славакіі, Польшчы, Румыніі і Беларусі. У верасні 2013 года было прынята рашэнне аб стварэнні ў Гомельскім дзяржаўным універсітэце Кабінета Канфуцыя Рэспубліканскага інстытута кітаязнаўства імя Канфуцыя БДУ. Кабінет быў адкрыт у лютым 2016 года. Універсітэт актыўна ўдзельнічае ў выкананні міжнародных праектаў. У студзені 2013 года паспяхова быў завершаны праект ТЭМПУС “Удасканаленне і развіццё прафесіяналізаванага навучання (MODEP)”, ETF-JP-00408-2008, каардынатарам якога быў універсітэт Овернь-Клермон І (Францыя). У студзені 2015 года паспяхова завершаны праект ТЭМПУС “Падрыхтоўка і павышэнне кваліфікацыі выкладчыкаў дысцыплін па турызме ў Рэспубліцы Беларусь” (“TETVET”). Каардынатарам праекта выступаў універсітэт г. Падэрборн (Германія). На сённяшні дзень універсітэт выконвае тры праекты ТЭМПУС:
Універсітэт удзельнічае ў якасці асацыятыўнага партнёра ў праекце стыпендыяльнай праграмы “Erasmus Mundus IANUS II Inter-Academia Network IANUS II”. Каардынатар праекта – універсітэт Александру Іоан Куза г. Ясы (Румынія). Сёння ва ўніверсітэце навучаецца 569 грамадзян далёкага і бліжняга замежжа (грамадзяне Тукменістана, КНР, Йемена, Ірака, Лівана, Сірыі, Турцыі, Расіі, Украіны, Азербайджана, Узбекістана, Лівіі, Таджыкістана, Нігерыі, Арменіі, Ізраіля, В’етнама, Кыргызстана). Жаданне глыбока вывучыць і захаваць для новых пакаленняў самабытнасць і непаўторнасць славянскай культуры, унесці свой уклад у духоўнае адзінства брацкіх славянскіх народаў – беларускага, рускага і ўкраінскага – натхніла вучоных Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Ф. Скарыны выйсці з прапановай стварыць Міжнародную асацыяцыю “Інстытут славістыкі” як форму супрацоўніцтва вну і навуковых устаноў суседніх дзяржаў – Беларусі, Расіі і Украіны. Актуальнасць і неабходнасць стварэння такой Асацыяцыі абумоўлена, па-першае, тым, што ўнікальная матэрыяльная і духоўная культура гэтага ўсходнеславянскага рэгіёна яшчэ не вывучана ў поўным аб’ёме, па-другое, многія этнакультурныя элементы – гістарычныя помнікі, вырабы традыцыйных народных рамёстваў, дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, абрады і звычаі, творы вуснай народнай творчасці, дыялектныя назвы – паступова знікаюць у сувязі з адсяленнем значнай колькасці жыхароў з Чарнобыльскай зоны Беларусі, Украіны і Расіі, па-трэцяе, каштоўнасці народнай матэрыяльнай культуры няспынна страчваюцца і ў выніку разбурэння часам, а таксама генерацыі пакаленняў. Дзверы нашага ўніверсітэта шырока адчынены для ўстанаўлення кантактаў з усімі, хто жадае атрымаць у нас вышэйшую адукацыю.
| ||