СУПРАЦОЎНІЦТВУ - МАЦНЕЦЬ І РАЗВІВАЦЦА

Несумненны той факт, што ГДУ адыгрывае значную ролю ў літаратурным працэсе Беларусі. Шырока вядомыя ў рэспубліцы дасягненні Гомельскай літаратуразнаўчай школы, шмат знакамітых беларускіх пісьменнікаў у розныя часы вучыліся ў нашай alma mater. Аб гэтым і шмат іншым ішла гаворка падчас творчай сустрэчы з прадстаўнікамі рэспубліканскай рэдакцыйна-выдавецкай установы "Літаратура і мастацтва", якая адбылася ў нашым універсітэце 26 красавіка.

Супрацоўнікі медыа-холдынга "ЛіМ" на чале з яго дырэктарам Алесем Карлюкевічам наведалі Гомель, каб сустрэцца з шырокай чытацкай аўдыторыяй, павесці шчырую размову з аматарамі беларускага мастацкага слова. Пасля творчага мерапрыемства ў Гомельскай абласной бібліятэцы сталічныя госці завіталі на філалагічны факультэт ГДУ.

Па словах былых выпускнікоў ГДУ - галоўнага рэдактара газеты "Літаратура і мастацтва" Анатоля Казлова і загадчыка аддзела прозы часопіса "Полымя" Анатоля Зэкава, вяртанне ў сцены роднай навучальнай установы заўсёды хвалюючае і прыемнае. Некалі пісьменнікі слухалі лекцыі ў гэтых аўдыторыях, дзе сёння чытаюць свае творы студэнтам. Аднак на гэты раз літаратары прыехалі сюды яшчэ і як журналісты: падзяліцца ўласным вопытам работы, унесці прапановы да супрацоўніцтва.

Сёння ў "ЛіМе" складаецца школа маладых гомельскіх крытыкаў, - адзначыла на сустрэчы загадчык аддзела крытыкі Ірына Шаўлякова. Аспіранты і студэнты ГДУ прымаюць актыўны ўдзел ў праекце "ЛіМа" пад назвай "Крытычны практыкум". Больш, як палова літаратуразнаўчых артыкулаў названай газетнай рубрыкі напісана студэнтамі філфака. Як падкрэсліла І. Шаўлякова, вялікая заслуга ў гэтым належыць выкладчыкам кафедры беларускай літаратуры, дзейнасць якіх скіравана на заахвочванне студэнтаў да навукова-літаратурнай творчасці. Такое плённае супрацоўніцтва хацелася б працягваць і далей, пашыраючы яго і на іншыя выданні холдынга - часопісы "Полымя", "Маладосць", "Всемирная литература".