30 красавіка адзначыла юбілей доктар філалагічных навук прафесар кафедры беларускай мовы Вольга Аляксееўна Ляшчынская. Нарадзілася Вольга Аляксееўна ў вёсцы Уселюб Навагрудскага раёна Гродзенскай вобласці. Гэты прыгожы край, зямля славутага Адама Міцкевіча нараджае таленавітых людзей, назаўсёды адданых родным вытокам, роднай мове, роднаму слову. У 1963 годзе яна паступіла на філалагічны факультэт Мінскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя А.М. Горкага, у 1968 годзе – у аспірантуру Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа Акадэміі навук БССР, якую закончыла з прадстаўленнем дысертацыі да абароны. Працоўную дзейнасць пачала ў 1971 годзе і прайшла шлях ад выкладчыка кафедры беларускай і рускай моў да прафесара кафедры беларускай мовы. Вольга Аляксееўна – высокакваліфікаваны даследчык, які актыўна займаецца навуковай і метадычнай работай. Яна аўтар больш за 300 прац, звязаных з пытаннямі лексікалогіі і фразеалогіі сучаснай беларускай мовы, стылістыкі і культуры маўлення, лексікаграфіі, тэрміназнаўства, анамастыкі, лінгвадыдактыкі, лінгвакультуралогіі, у тым ліку 5 манаграфій, слоўнікаў, шматлікіх артыкулаў, апублікаваных не толькі ў рэспубліканскіх навуковых зборніках і часопісах, але і ў разнастайных замежных выданнях. Сваім прыкладам працаздольнасці, адказнасці за справу, сапраўднай апантанасцю Вольга Аляксееўна натхняе ўсіх нас на актыўную працу, удзел у справах кафедры, факультэта, універсітэта. Амаль усе члены кафедры – яе вучні. Для нас яна Настаўнік з вялікай літары. Вольга Аляксееўна і нам, сваім выхаванцам, дарыла і дорыць гэтую апантанасць, творчае гарэнне, імкненне да дасканаласці. Сотні выпускнікоў філалагічнага факультэта ўдзячныя ёй за ўменне знайсці спагадлівае слова, за падтрымку і шчырую дапамогу ў навуковым пошуку. Яна нястомна кіруе навуковай працай студэнтаў, аспірантаў. Штогод даследаванні, прапанаваныя на Рэспубліканскі конкурс навуковых работ студэнтаў вышэйшых навучальных устаноў Рэспублікі Беларусь, адзначаюцца дыпломамі. Пад кіраўніцтвам прафесара В.А. Ляшчынскай абаронены тры кандыдацкія дысертацыі. Яна вучыла і вучыць сваіх выхаванцаў адчуваць слова – жывое, прыгожае, рознакаляровае, адкрываць таямніцы роднай мовы, бо ведае, што без гэтага няма сапраўднага філолага. З якой нецярплівасцю чакаюць сустрэч з Вольгай Аляксееўнай настаўнікі горада і вобласці! Яна выступае з лекцыямі па актуальных пытаннях методыкі выкладання беларускай мовы, праводзіць аўтарскія семінары ў інстытутах перападрыхтоўкі кадраў, рыхтуе адораных вучняў старэйшых класаў да ўдзелу ў рэспубліканскіх алімпіядах. Вядомы ў рэспубліцы і за яе межамі навуковец і метадыст, Вольга Аляксееўна заваявала вялікі аўтарытэт глыбінёй ведаў і ўменнем, жаданнем падзяліцца імі, неабыякавасцю да праблем іншых, добразычлівасцю, мудрасцю, чалавечнасцю. Шмат увагі і часу яна аддае рэцэнзаванню вучэбна-метадычных дапаможнікаў, рукапісаў падручнікаў, дысертацыйных даследаванняў. В.А. Ляшчынская выступае афіцыйным апанентам на абароне кандыдацкіх і доктарскіх дысертацый, з’яўляецца членам Савета па абароне дысертацый Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі. За сваю плённую навукова-педагагічную дзейнасць прафесар В.А. Ляшчынская неаднаразова ўзнагароджана Граматамі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, знакам “Выдатнік адукацыі”. Ёсць і яшчэ дзве важныя ўзнагароды для педагога – павага калег-выкладчыкаў і ўдзячнасць вучняў. Адказны і вельмі патрабавальны да сябе чалавек, Вольга Аляксееўна заўсёды ў працы, у творчым пошуку. Шукаць і знаходзіць, каб перадаць свой вопыт калегам, аспірантам і студэнтам, – жыццёвае крэда прафесара В.А. Ляшчынскай. Гэта жанчына з вялікім сэрцам, якое заўсёды аддавала бацькам, дзецям і ўнукам, усім, з кім быць наканавана лёсам. Яна чулая і пяшчотная маці і бабуля, выключная гаспадыня. А яшчэ Вольга Аляксееўна вельмі любіць чытаць мастацкую літаратуру, слухаць сучасных спевакоў, беларускае радыё, наведваць тэатры. Любіць кветкі, чысціню і парадак, любіць гатаваць і прымаць гасцей. Кожнае слова Вольгі Аляксееўны ззяе-пераліваецца ўсімі колерамі вясёлкі. Гэта – ад нястомнай і рупнай натуры, ад пошукаў удалага афарызма, фразеалагізма, трапнага паэтычнага радка, ад унутранага багацця, урэшце, ад узнёслай душы, якая так чуйна ўспрымае свет. “Мова мая, я з табою ў жыцці шчасце маю…” Мы жадаем ёй моцнага здароўя, плёну і здзяйсненняў на ніве беларускай навукі, усяго самага светлага і радаснага ў жыцці.
Калектыў кафедры беларускай мовы, выкладчыкі і студэнты філалагічнага факультэта | ||||||||||