| 2005 | 2006 | 2007 | 2008 | 2009 | 2010 | 2011 | 2012 | 2013 | 2014 | 2015 |
 RSS

Памяці народнага пісьменніка Беларусі І.Я. Навуменкі
7.10.2016

У Гомелі прайшлі Міжнародныя навуковыя чытанні “Рэгіянальнае, нацыянальнае і агульначалавечае ў славянскіх літаратурах”, прысвечаныя памяці народнага пісьменніка Беларусі, акадэміка І.Я. Навуменкі.

На ўрачыстым адкрыцці мерапрыемства ў актавай зале Гомельскай абласной бібліятэцы сабраліся вядомыя вучоныя Беларусі, Расіі, Украіны. Сярод ганаровых госцей -- прафесар, дырэктар Інстытута славістыкі Ольдэнбургскага ўніверсітэта (Германія) Гун-Брыт Колер і філолаг-славіст, прафесар Лонданскага ўніверсітэта (Велікабрытанія) Арнольд МакМілін. Старшыня аргкамітэту – рэктар ГДУ імя Ф. Скарыны Сяргей Хахомаў. Ён распачаў чытанні, падкрэсліўшы значнасць асобы Івана Навуменкі ў нацыянальнай і сусветнай літаратуры.

З прывітальнымі словамі звярнуліся да прысутных член-карэспандэнт НАН Беларусі Юрый Плескачэўскі, дырэктар бібліятэкі Марына Рафеева, дырэктар Інстытута літаратуразнаўства НАН Беларусі, д.ф.н., прафесар Іван Саверчанка, дацэнт кафедры беларускай літаратуры і культуры БДУ, сын пісьменніка Павел Навуменка. І кожны з іх выказваў шчырыя словы захаплення яркім, самабытным талентам Івана Якаўлевіча. Выступоўцы прыгадвалі, якім ён быў добрасумленным кіраўніком, вучоным, грамадскім дзеячам. І ў той жа час чулым, сумленным чалавекам.

Павел Навуменка прыгадаў, як разам з загадчыкам кафедры беларускай літаратуры ГДУ Іванам Штэйнерам яны распачыналі традыцыю правядзення Міжнародных навуковых чытанняў, расказаў пра бацьку і перадаў слова прадстаўніцы выдавецтва “Мастацкая літаратура” Аксане Спрынчан, якая прэзентавала 7-ы том “Збору твораў у 10-ці тамах народнага пісьменніка Беларусі Івана Навуменкі”.

На плянарным і секцыйных пасяджэннях удзельнікі канферэнцыі абмеркавалі найбольш актуальныя праблемы жыццёвага і творчага шляху І. Я. Навуменкі, рэгіянальныя асаблівасці развіцця літаратуры і братэрства славянскіх літаратур, перспектывы існавання класічнай літаратуры ў эпоху глабалізацыі.

Безумоўна, мерапрыемства і ў далейшым будзе спрыяць вывучэнню творчай спадчыны пісьменніка, пашырэнню аўтарытэта Гомельшчыны як цэнтра рэгіянальных літаратуразнаўчых даследаванняў.

Кацярына КАВАЛЕНКА
Фота У. Чысціка


Учреждение образования "Гомельский государственный университет имени Франциска Скорины" © 1997-2016
246019, г. Гомель, ул. Советская, 104  |  (0232) 60-73-71, факс 57-81-11  |    |    |   RSS