У межах гарадскога “Велікоднага фестывалю – 2015” у выставачнай зале ГДУ імя. Ф.Скарыны адбыліся дзве значныя падзеі ў культурным і духоўным жыцці ўніверсітэта: адкрыццё традыцыйнай выставы “Святло праваслаўя” і падпісанне Праграмы супрацоўніцтва на 2015-2020 гады паміж вядучай ВНУ Палесся і Гомельскай епархіяй Беларускай Праваслаўнай Царквы. Ва ўрачыстым адкрыцці экспазіцыі прынялі ўдзел епіскап Гомельскі і Жлобінскі Стэфан, рэктар ГДУ, член-карэспандэнт НАН Беларусі Аляксандр Рагачоў, старшыня аддзела рэлігійнай адукацыі і катэхізацыі Гомельскай епархіі, духоўны апякун фотаклуба “Святло душы” протаіерэй Вадзім Качан, прарэктар па выхаваўчай рабоце Юрый Нікіцюк. Таксама ў зале прысутнічалі выхаванцы нядзельных школ Гомельскай епархіі, студэнты, выкладчыкі і супрацоўнікі ўніверсітэта. Першую экскурсію па выставе правяла старшыня фотаклуба “Святло душы” Ганна Смірнова. На суд гледачоў свае творчыя работы прадставілі вядомыя гомельскія фатографы і мастакі. Сваімі здымкамі яны вучаць людзей дабру, міласэрнасці і любові да ўсяго, што вакол нас. Экспанаты выставы прасякнуты духоўнай прыгажосцю, цярпеннем і светласцю сэрцаў. Маленькі ўклад у вялікую справу ўнесла і аўтар гэтых радкоў, прачытаўшы прысутным уласны верш “Шлях да храму”. Выстава будзе працаваць з 14 па 27 красавіка 2015 года.
Яна Васіленка,
студэнтка 1 курса філалагічнага факультэта Фота У. Чысціка | ||||||||||