Напрыканцы верасня ў актавай зале ГДУ імя. Ф. Скарыны адбыўся канцэрт сімфанічнага аркестра Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі. Творчы праект “Студэнты Акадэміі музыкі – моладзі Беларусі” праходзіць у рамках Міжнароднага фестывалю Юрыя Башмета і прысвечаны знамянальным датам: Году моладзі і дваццацігадоваму юбілею з дня заснавання спецыяльнага фонду Прэзідэнта па падтрымцы таленавітай моладзі. Мастацкі кіраўнік і дырыжор – малады таленавіты Андрэй Іваноў, салісты – лаўрэаты міжнародных конкурсаў, лаўрэаты спецыяльнага фонду па падтрымцы таленавітай моладзі: Арам Бекназаран, Алег Яцына, Марыя Шабуня, Міхаіл Радунскі і Паліна Чарнеўская. Спачатку прагучаў студэнцкі гімн “Gaudeamus”, затым канцэрт адкрыла ўверцюра да оперы «Тангейзер» Рыхарда Вагнера. Маладыя артысты аркестра выканалі Венгерскую рапсодыю кампазітара Д. Попера, “Лезгінку” з балета “Гаянэ” А. Хачатурана, каваціну Нарыны з оперы “Дон Паскуале” Г. Даніцэці, інтрадукцыю і ронда-капрычыёза К. Сен-Санса, Статус І (для малога барабана сола) А. Бекназарана, арыю Джудзіты з аперэты “Джудытта” Ф. Легара, мелодыю з кінафильма “Спіс Шындлера” Дж. Уільямса, “Чатыры музыканты” М. Валаваца, папуры на тэмы песень ансамбля “Песняры” А. Крамко. Завяршыла канцэрт “Фантазія на тэму беларускіх народных песень” К. Яськова, якая была створана спецыяльна для творчага праекта. Аўтар аб'яднаў у адным творы не толькі розныя жанры, ад фальклору да джаза, але і ўсіх салістаў, якія заваражылі сэрца сваім пранікнёным выкананнем. Велізарную падзяку хочацца выказаць рэктару Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, старшыні савета Спецыяльнага фонду Прэзідэнта РБ па падтрымцы таленавітай моладзі, доктару мастацтвазнаўства, прафесару Кацярыне Мікалаеўне Дулавай і прарэктару па выхаваўчай рабоце, дацэнту кафедры медных духавых і ўдарных інструментаў Пятру Фамічу Дударэнка за добрую падрыхтоўку маладых таленавітых артыстаў. “Акадэмія рыхтуе артыстаў-вакалістаў для тэатра, дырыжораў, ахоплівае ўсе спецыяльнасці музыкальнай прафесіі, - расказвае Пётр Фаміч. - Аркестру падуладны ўсе жанры. Маладыя артысты ўдзельнічаюць у міжнародных фестывалях і творчых праектах у Беларусі і за мяжой. Другую палову навучання складае практыка. Таксама ёсць дамовы з Варшаўскай і Парыжскай кансерваторыяй. Пачэснае месца займае выступленне ў Вялікай зале Маскоўскай кансерваторыі. Кансерваторыя – гэта музей жывой музыкі”. Выступленне таленавітых музыкантаў было прасякнута любоўю, пяшчотай і шчырасцю! Мы ўпэўнена можам сказаць, што дакрануліся да выдатнага, ідэальнага, вечнага. Адчулі на сабе тую нябесную сілу, якая сыходзіць з душы сапраўдных артыстаў, сілу, якая натхняе і зачароўвае.
Яна ВАСІЛЕНКА, студэнтка 2 курса філалагічнага факультэта Фото У. Чысціка | ||||||||||