| 2005 | 2006 | 2007 | 2008 | 2009 | 2010 | 2011 | 2012 | 2013 | 2014 |
 RSS
| январь | февраль | март | апрель | май | июнь | июль | август | сентябрь | октябрь | ноябрь | декабрь |

Ад “Сэрца на далоні” да “Чорнага бумера”
30.06.2014

У ГДУ імя Ф. Скарыны з’явіўся новы музей – музей пісьменнікаў – выпускнікоў ГДУ “Alma mater”. На парозе першых гасцей сустракаў шчаслівы і крыху ўсхваляваны доктар філалагічных навук і прафесар Іван Штэйнер. Менавіта яму належыць ідэя стварэння музею.

- Тут змешчаны матэрыялы, звязанныя з пісьменнікамі, паэтамі і нават кампазітарамі ды спевакамі, якія ў розныя часы вывучаліся ў Гомельскім педынстытуце імя Чкалава, пазнее – ў ГДУ імя Францыска Скарыны, - распавеў карэспандэнту “ГП” Іван Федаравіч. - Невыпадкова мы шмат часу рыхтаваліся да адкрыцця музею, збіралі ўнікальныя матэрыялы пра асоб, якія сталі значнай з’явай не толькі для нашага рэгіена, але і для ўсей краіны.

- Якія экспанаты, на вашу думку, заслугоўваюць найбольшай увагі? - пытаюся.

- Гэта лісты такіх аўтараў, як Іван Шамякін, Міхась Даніленка і паэта Паўлюка Пранузы. У час вайны Паўлюк дайшоў да рэйхстага і распісаўся на яго сцяне. Акрамя таго, маем шмат эксклюзіўных фотаматэрыялаў, кнігі, падпісаныя знакамітымі пісьменнікамі і паэтамі. Хоць Іван Мележ і не вучыўся ў нашым ГДУ, але ў музеі есць асобнік яго кнігі “Людзі на балоце” з аўтографам. Насамрэч, гэта толькі пачатак. Зараз мы працуем над вялікай колькасцю матэрыялаў, звязанных з жыццем пісьменнікаў, але, каб іх прадставіць наведвальнікам, трэба абсталяваць большае памяшканне. Музей будзе абявязкова пашырацца. Як філолагі мы не вялі падлік экспанатаў, але я ўпэўнены, ужо зараз у нас выстаўлена больш за дзвесце штук.

- Калі з’явілася ідэя стварыць падобны музей?

- Даўно, але я шкадую, што не так даўно, як хацелася б, таму што за гэты час сышлі многія таленавітыя выпускнікі. Ідэя ўзнікла, калі я паступіў у аспірантуру ГДУ і зразумеў, што ў свой час тут вучылася шмат літаратараў, пачынаючы ад знакамітага аўтара “Сэрца на далоні” Івана Шамякіна і заканчваючы тымі, хто вучыцца тут ў цяперашні час. За тры апошніх гады ў маладых пісьменнікаў вышла 11 кніг! Іван Шамякін у свой час даслаў мне ліст, дзе пісаў: “Ганаруюся тым, што вучыўся ў педінстытуце”. З удзячнасцю згадваў тагачаснага рэктара акадэміка Барыса Бокуця. Кажуць, Іван Шамякін не здаў экзамен, кінуў інстытут і пераехаў ў Мінск. Справа ў тым, што яму прапанавалі стыпендыю ў Вышейшай партыйнай школе аж 1200 рублеў. Гэта было шмат больш, чым яго заробак у Гомелі. Будучы бацькам дваіх дзяцей ен вырашыў пераехаць ў Мінск. Але пісьменнік захаваў любоў да нашага ўніверсітэта. Нездарма свой ліст Іван Пятровіч скончыў словамі “Паклон цябе, кузніца кадраў!”. Трэба сказаць, ГДУ скончылі яго сын, зяць і пяць пляменніц. Таксама, прыемна, што тут у свой час тры гады вучыўся славуты рэпер Сярога, вядомы сваім хітом “Чорны бумер”. Але ен вывучаў не літаратуру, а нямецкую мову на факультэце замежных моў.

- Вы адзначылі, што ў ГДУ у розныя часы акрамя паэтаў і пісьменнікаў вучыліся так сама спевакі і кампазітары.

- Так, сярод іх было шмат бардаў. Некаторыя пісалі вершы самі, другія – спявалі песні на вершы братоў па пяру. Сярога не адзіны знакаміты выпускнік, звазаны з музыкай. Вядомы гурт “Стары Ольса” заснаваў выпускнік гістарычнага факультэту Зміцер Сасноўскі. Ен арыгінальны кампазітар, паэт і даследчык еўрапейскіх музычных інструментаў. Наш універсітэт скончылі знакавыя беларускія барды Андрэй Мельнікаў, Эдуард Акулін, Вальжына Цярэшчанка.

- Бачу, літаратурныя традыцыі сапраўды моцныя ў ГДУ. Чаму так атрымалася менавіта ў галоўнай навучальнай ўстанове Палесся?

- Складана сказаць, але гэты феномен назіраецца нават з часу ўзнікнення педагагічнага інстытута імя Чкалава. Захавалася заява тых часоў, якая напісана паэтам Леанідам Гаўрылавым: “Я скончыў першы курс інстытута народнай гаспадаркі імя Куйбышава, але, маючы літаратурныя здольнасці і з’яўляючыся пачатковым паэтам, лічу мэтазгодным займацца на літаратуразнаўчым факультэце педінстытута. Мне патрэбна больш глыбокая распрацоўка ведаў па літаратуры, таму маю намер прасіць вас аб прыняцці мяне на першы курс”. Леаніда Гаўрылава прынялі ў інстытут. На жаль, ен загінуў у першыя дні вайны. Калі у 1969 годзе інстытут атрымаў статус універсітэта, з’явілася свая газета і выдавалася яна двойчы ў тыдзень, што вельмі шмат для такога выдання. Адразу вакол газеты стварылася суполка таленавітых студэнтаў. Паэт Віктар Ярац заснаваў латаратурнае аб’яднанне “Крынічка”, і ў яго вайшлі дзесяткі паэтаў, сярод якіх былі як філолагі, так і прадстаўнікі іншых факультэтаў. Як некалі Дзюма штурмаваў Парыж, а Гогаль – Пецярбург, наступная хваля паэтаў палічыла, што Гомеля для іх будзе мала і стварылі ў Мінску мадэрновае аб’яднанне “Тутэйшыя”, куды ўваходзілі Анатоль Сыс, Анатоль Казлоў, Эдуард Акулін, Ларыса Раманава. Яны дамагліся пэўнага поспеху. Зараз літаратурная суполка ГДУ і нават абласнога цэнтру перайшла больш у рукі паэтэссы Ніны Шкляравай, бо ў яе “Школе маладога літаратара” займаюцца шмат маладых паэтаў і пісьменнікаў і друкуюць новыя кнігі. А гэта добрыя весці для нашага музея.

Яўген Малевіч
Фота аўтара

Учреждение образования "Гомельский государственный университет имени Франциска Скорины" © 1997-2014
246019, г. Гомель, ул. Советская, 104  |  (0232) 60-73-71, факс 57-81-11  |    |    |   RSS