14 лістапада кафедра беларускай мовы і Навукова-даследчы інстытут гісторыі і культуры ўсходнеславянскіх народаў пры ГДУ імя Ф. Скарыны правялі міжнародную навуковую канферэнцыю «Святло Скарынавых ідэй». Сустрэча навукоўцаў Беларусі, Расіі і Украіны была прысвечана 90-годдзю з дня нараджэння прафесара доктара філалагічных навук У.В. Анічэнкі. Работу навуковага форуму распачаў першы прарэктар С.А. Хахомаў, які ад імя рэктарата прывітаў удзельнікаў мерапрыемства, пажадаў даследчыкам плённай працы, заўважыўшы, што такія дзве велічыні, як Францыск Скарына і Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт, не маглі не сустрэцца ў прасторы і часе. Падчас адкрыцця канферэнцыі адбылася ўрачыстая цырымонія перадачы факсімільных выданняў кніжнай спадчыны Францыска Скарыны ў дар Гомельскаму дзяржуніверсітэту, у якой прыняў удзел намеснік дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі кандыдат культуралогіі Алесь Суша. Асобае значэнне меў удзел у сімпозіуме маладых даследчыкаў, аспірантаў, магістрантаў і студэнтаў, якія плённа працягваюць традыцыі асветы і навукі, закладзеныя Францыскам Скарынам і падхопленыя Уладзімірам Васільевічам Анічэнкам.
Фота У. Чысціка
| |||||||||||