| 2005 | 2006 | 2007 | 2008 | 2009 | 2010 | 2011 | 2012 | 2013 | 2014 |
 RSS
| январь | февраль | март | апрель | май | июнь | июль | август | сентябрь | октябрь | ноябрь | декабрь |

МІЖНАРОДНЫЯ НАВУКОВЫЯ ЧЫТАННІ “РЭГІЯНАЛЬНАЕ, НАЦЫЯНАЛЬНАЕ І АГУЛЬНАЧАЛАВЕЧАЕ Ў СЛАВЯНСКІХ ЛІТАРАТУРАХ”, ПРЫСВЕЧАНЫЯ ПАМЯЦІ НАРОДНАГА ПІСЬМЕННІКА БЕЛАРУСІ, АКАДЭМІКА І.Я. НАВУМЕНКІ
29.09.2014

Іх правялі ГДУ імя Францыска Скарыны сумесна з Гомельскім філіялам НАН Беларусі. У Гомель прыехалі аўтарытэтныя вучоныя з Расіі, Украіны, Польшчы, Чарнагорыі, Германіі.

Чытанні адкрыліся ў канферэнц-зале грамадска-культурнага цэнтра па вул. Ланге. Пра выдатнага сына беларускага народа, нашага славутага земляка, які спалучыў у сабе якасці таленавітага пісьменніка, даследчыка беларускай літаратуры, актыўнага грамадскага дзеяча гаварылі ў сваіх выступленнях старшыня аргкамітэта канферэнцыі член-карэспандэнт НАН Беларусі, старшыня Гомельскага філіяла НАНБ Ю.М. Плескачэўскі, першы прарэктар ГДУ к.ф.-м.н., дацэнт С.А. Хахомаў, прарэктар па навуковай рабоце д.т.н., прафесар А.М. Дземідзенка. На пленарным пасяджэнні выступілі д.ф.н., прафесар, першы намеснік дырэктара Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі, старшыня беларускага камітэта славістаў А.А. Лукашанец, д.ф.н., прафесар, загадчык аддзела тэорыі і гісторыі літаратуры названага цэнтра М.А. Тычына, іншыя навукоўцы.

Па добрай традыцыі ўдзельнікамі мерапрыемства сталі сын і дачка пісьменніка. Павел Іванавіч Навуменка, к.ф.н., дацэнт кафедры беларускай літаратуры і культуры БДУ, расказаў аб літаратуразнаўчай спадчыне свайго бацькі. Валерыя Іванаўна, кандыдат медыцынскіх навук, прыгадала цікавыя і нават кур’ёзныя факты з яго біяграфіі, адзначыла, што выхоўваліся яны на самых лепшых прыкладах беларускай літаратуры.

У рамках канферэнцыі адбылася прэзентацыя трэцяга і чацвёртага тамоў запланаванага да выпуску дзесяцітомнага збору твораў Івана Навуменкі. Іх уручыла прадстаўнікам бібліятэк горада і вобласці паэт, рэдактар выдавецтва “Мастацкая літаратура” А.В. Спрынчан. Папоўняць гэтыя кнігі і фонды бібіліятэкі ГДУ імя Ф. Скарыны.

На наступны дзень канферэнцыя працягвала сваю работу ў сценах ГДУ. Госці з вялікай цікавасцю азнаёміліся з экспанатамі музея “Alma mater” пры кафедры беларускай літаратуры. Тут аформлены спецыяльны стэнд, прысвечаны творчасці Івана Навуменкі. У трох секцыях навукоўцы абмяркоўвалі актуальныя праблемы спадчыны пісьменніка, яе месца ў сучасным літаратурным працэсе, а таксама ўзаемадзеянне рэгіянальных і агульначалавечых пачаткаў у славянскіх літаратурах і перспектывы літаратуры класічнага тыпу ў эпоху глабалізацыі.

Сярод удзельнікаў канферэнцыі была дырэктар Інстытута славяназнаўства Ольдэнбургскага ўніверсітэта, прафесар Гун-Брыт Колер (Германія). Яна дасканала валодае беларускай мовай і зрабіла даклад па-беларуску.

Фота У. ЧЫСЦІКА

Учреждение образования "Гомельский государственный университет имени Франциска Скорины" © 1997-2014
246019, г. Гомель, ул. Советская, 104  |  (0232) 60-73-71, факс 57-81-11  |    |    |   RSS