Увазе наведвальнікаў прадставіў сабраную сваімі рукамі ўнікальную калекцыю старадаўніх ручнікоў, прадметаў ткацтва – абрусаў, вышыванак, адзення заўзяты аматар-калекцыянер В.В. Грымашэвіч. Валерый Васільевіч, кандыдат сельска-гаспадарчых навук, дацэнт, які да нядаўняга часу працаваў у Інстытуце лесу НАНБ, кожную хвіліну свайго вольнага часу аддае калекцыяніраванню, якім захапляецца з самага маленства. Кола яго інтарэсаў вельмі шырокае: ад філатэліі, нумізматыкі, фалерыстыкі – да старадаўніх кніг, гадзіннікаў, ручнікоў і радыётэхнікі. В.В. Грымашэвіч – член Міжнароднага саюза калекцыянераў, Гомельскага клуба калекцыянераў “Юнона”. Ідэя правядзення выставы ручнікоў належыць прарэктару па навуковай рабоце д.т.н., прафесару А.М. Дземідзенку, які знаёмы з Валерыем Васільевічам асабіста. Дапамагалі аўтару выпускнік філалагічнага факультэта, загадчык філіяла Веткаўскага музея стараабрадніцтва і беларускіх традыцый імя Ф.Р. Шклярава Пятро Цалка, работнікі аддзела маладзёжных ініцыятыў і студэнцкага самакіравання. – Валерый Васільевіч сабраў цудоўны духоўны скарб, які дае нам выдатную магчымасць пагаварыць з нашымі продкамі, – адзначыў падчас адкрыцця выставы прарэктар па выхаваўчай рабоце С.І. Ханеня. Ручнік – не проста рэч эстэтычная, ён валодае магічнай сілай, нясе ў сабе вялікі сэнс. Кожная жанчына, якая працавала над ім, закладвала ў яго сваю энергетыку, свой унутраны свет, патлумачыў Пятро Цалка. Калекцыянер правеў экскурсію па выставачнай зале, падрабязна расказаў студэнтам, усім наведвальнікам пра кожны экспанат, адзначыўшы пры гэтым, што ручнік – візітоўка Палесся, дзе захаваліся старабеларуская і стараруская культуры, і палескія ручнікі – самыя прыгожыя сярод славянскіх народаў. Фота У. Чысціка | ||||||||||