“ГАЎДЭАМУС” АД СТАЛІЧНЫХ ГАСЦЕЙ
03.11.2010

На сяброў паглядзець і сябе паказаць – такой была мэта нядаўняга візіту ў нашу ВНУ прадстаўнічай дэлегацыі з Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя М. Танка, адной з вядучых вышэйшых навучальных устаноў рэспублікі. Наладжаныя вясной гэтага года сяброўскія сувязі са сталічнымі калегамі знайшлі свой лагічны працяг у першы дзень лістапада.

Цёпла і шчыра віталі ў нашым універсітэце рэктара БДПУ д.т.н., прафесара, члена-карэспандэнта НАН Б П.Дз. Кухарчыка, першага прарэктара А.І. Андарала, прарэктара па выхаваўчай рабоце С.І. Копцеву, дэканаў факультэтаў беларускай і рускай філалогіі, матфака д.ф.н., прафесара В.Д. Старычонка, д.п.н. У.У. Шлыкава, загадчыка кафедры педагогікі, д.п.н., прафесара І.І. Цыркуна, д.ф.-м.н. А.М. Баяркіна, а таксама шматлікіх удзельнікаў творчых калектываў універсітэта.

Госці пазнаёміліся з нашай ВНУ, сустрэліся з выкладчыкамі і студэнтамі факультэтаў, дзе прачыталі лекцыі: для будучых фізікаў – аб будове і эвалюцыі Сусвету, філолагаў – рускай мове на рубяжы стагоддзяў, псіхолагаў – развіцці інавацыйнай адукацыі як педагагічнай праблемы, матэматыкаў – канцэпцыі школьнага курса геаметрыі.

Вялікую цікавасць гасцей выклікалі экспанаты выставы, размешчанай у фае актавай залы, аб жыцці ГДУ, дасягненнях выкладчыкаў і студэнтаў у розных сферах універсітэцкага жыцця.

Кульмінацыяй праекта “Дні БДПУ ў Гомельскім дзяржаўным універсітэце” стаў канцэрт творчых калектываў і выканаўцаў сталічнай ВНУ. А перад яго пачаткам выступілі рэктары А.У. Рагачоў і П.Дз. Кухарчык, якія адзначылі важнасць такіх цесных кантактаў абедзьвюх ВНУ, выказалі надзею на іх далейшы працяг.


Фото В. Чистика






Все новости