Літаратурныя дэбюты

У верасні ў мінскім выдавецтве "Кнігазбор" убачыла свет першая ў творчай біяграфіі пачынаючага паэта студэнта 3 курса філалагічнага факультэта ГДУ Алеся Бараноўскага кніга - зборнік вершаў "Чуйнае акно". У яго ўвайшлі каля 50 паэтычных твораў, большасць з якіх прысвечаны патрыятычнай і ваеннай тэматыцы. У выданні знайшлі сваё эмацыянальна-вобразнае адлюстраванне і асабістыя пачуцці маладога аўтара, яго філасофскія разважанні аб жыцці. Для Алеся яно "не параўнаецца ні з чым" і мае свае высокія мэту і сэнс: "пакуль магчыма - дыхай і пішы". Таму юнак знаходзіць асалоду менавіта ў творчасці і верыць - плён яго душы не будзе марным, і "не засохне пяро, што засее аднойчы радкі".

На думку прызнаных майстроў слова, Алесь распачаў няпросты шлях у вялікую літаратуру ўдала і ўпэўнена, мае сваё бачанне свету, па-новаму падыходзіць да раскрыцця спрадвечных тэм, "прарэзваецца" у яго і ўласны паэтычны голас, паступова выпрацоўваецца адметны стыль і манера пісьма. А гэта - сур'ёзная заява, добры задзел на будучыню, таленавітая і цікавая прадмова да больш значнага і змястоўнага твору.