"І ТУТ СКАРЫНЫ ЁСЦЬ СЛЯДЫ"

Пад такой назвай у музеі-лабараторыі Ф. Скарыны нядаўна праходзіла выстаўка рэдкіх і каштоўных кніг з фондаў універсітэцкай бібліятэкі. Яна прысвячалася Дню славянскай пісьменнасці і культуры, 15-годдзю ўтварэння музея-лабараторыі Ф. Скарыны (ён бярэ свой пачатак з 15 мая 1993 года).

Усе наведвальнікі з цікавасцю азнаёміліся з літаратурай, выдадзенай у ХІХ - пачатку ХХ стагоддзяў. Аб ёй расказала загадчык аддзела камплектавання і захавання фондаў бібліятэкі універсітэта А. Зубец. На выстаўцы былі прадстаўлены выданні амаль па ўсіх галінах навукі, па якіх вядуцца выкладанне і даследаванні ў ГДУ. Такіх кніг ва універсітэце зарэгістравана паўтары тысячы ў больш чым 2 тыс. экземплярах. Ёсць тут літаратура, выдадзеная або адрэдагаваная даследчыкамі беларускага паходжання.