ІДУЦЬ ДЗЯРЖАЎНЫЯ ЭКЗАМЕНЫ

На фінішы вучобы ў вну пяцікурснікаў чакаюць асабліва адказныя выпрабаванні, адно з якіх - здача дзяржаўнага экзамена. І тут хваляванняў выпускнікам даводзіцца зведаць па максімуму, не тое што на звычайнай сесіі. А калі яшчэ ў склад экзаменацыйнай камісіі ўваходзяць вучоныя, асобы высокага рангу, займаючыя адказныя дзяржаўныя пасады, студэнту трэба асабліва "трымаць марку". Менавіта так было ў пяцікурснікаў біялагічнага факультэта спецыяльнасці "Лясная гаспадарка", на дзяржаўны экзамен да якіх прыехаў першы намеснік міністра лясной гаспадаркі Рэспублікі Беларусь, к.б.н. М.К. Крук.

Вынікамі экзамена Мікалай Канстанцінавіч застаўся задаволены, і 28 маладых спецыялістаў лясной галіны атрымалі станоўчыя адзнакі. Асабліва высокая ацэнка была дадзена адказам Святланы Верас, Ірыны Патаповіч, Сяргея Зайцава, Надзеі і Ігара Гадлеўскіх.