СТАЎ ПРАРЭКТАР ДЭПУТАТАМ

Падведзены вынікі выбараў у мясцовыя Саветы дэпутатаў Рэспублікі Беларусь 25 склікання. Па дадзеных Цэнтрвыбаркама краіны, выбары адбыліся, у мясцовыя Саветы ўсіх узроўняў абрана 22 тыс. 640 дэпутатаў. Сфарміраваны мясцовыя Саветы і ў Гомельскай вобласці.

У выбарчым марафоне прымаў удзел прарэктар па выхаваўчай рабоце нашага універсітэта С.І. Ханеня, кандыдатура якога была вылучана працоўным калектывам ГДУ на атрыманне дэпутацкага мандата ў гарадскі Савет па Сожскай выбарчай акрузе №36. Сяргей Іванавіч здолеў набраць для гэтага неабходную колькасць галасоў выбаршчыкаў. Калектыў універсітэта горача віншуе С.І. Ханеню з перамогай і не сумняваецца ў тым, што ён будзе дастойным прадстаўніком вядучай вну рэгіёна ў мясцовым органе ўлады.

Актыўны ўдзел у выбарах прынялі студэнты ГДУ (93,06%), якія галасавалі на выбарчых участках №№ 23 і 29, размешчаных у вучэбных карпусах №1 і №2 па вул Савецкай і Кірава. Дзевяці юнакам і дзяўчатам, якія ўпершыню рэалізавалі сваё канстытуцыйнае права, былі ўручаны кветкі і сувеніры. Асабліва знамянальнай стала дата 14 студзеня для першакурсніка факультэта фізічнай культуры Івана Каўтунова, якому менавіта ў дзень выбараў споўнілася 18 гадоў, і ён упершыню прыняў удзел у галасаванні.

На выбарчых участках, што працавалі на тэрыторыі нашага універсітэта, большасцю галасоў дэпутатамі абраны: абласнога Савета па Пушкінскай выбарчай акрузе №19 - галоўны ўрач Гомельскай цэнтральнай гарадской паліклінікі Л.П. Рыжова, гарадскога Савета па Авіацыйнай выбарчай акрузе №37 - урач Гомельскага гарадскога цэнтра гігіены і эпідэміялогіі У.М. Зіновіч.