ЗАВЯРШЫЎСЯ ПЕРШЫ ЭТАП ТЭСЦІРАВАННЯ

Каля 600 школьнікаў з г. Гомеля і Гомельскай вобласці прынялі ўдзел у першым этапе рэпетыцыйнага тэсціравання для абітурыентаў 2007 года, які праходзіў у ГДУ на працягу двух месяцаў. Маладым людзям была прадстаўлена добрая магчымасць праверыць свае веды па ўсіх вучэбных прадметах, але большасць з іх паспрабавалі сябе ў напісанні тэставых заданняў па рускай мове (больш 200 чалавек) і матэматыцы (каля 100 чалавек).

Наперадзе будучых абітурыентаў чакаюць другі і трэці этапы рэпетыцыйных тэсціраванняў, якія пройдуць у нашым універсітэце ў студзені - лютым і, адпаведна, у сакавіку - красавіку 2007 г. Іх вынікі будуць падведзены Рэспубліканскім інстытутам уліку ведаў і размешчаны на яго сайце ў Інтэрнэце, а таксама на сайце ГДУ.

Як паказвае практыка, абітурыенты, якія прынялі ўдзел у пробных тэсціраваннях, паказваюць лепшыя вынікі падчас уступнай кампаніі і маюць значна больш шансаў на паступленне ў вну, бо пробныя тэставыя заданні дэталёва распрацаваны Рэспубліканскім інстытутам уліку ведаў, а ўмовы праходжання іспытаў максімальна набліжаны да цэнтралізаванага тэсціравання.