Неаспрэчны той факт, што захаванне міру і спакою, умацаванне дабрабыту ў нашым агульным доме - Беларусі - шмат у чым залежыць ад жанчыны. Паважлівае і трапяткое стаўленне да мацярынства, выхаванне з дзяцінства культуры адносінаў да жанчыны станоўча ўплывае на духоўнасць грамадства. Па ініцыятыве Беларускага саюза жанчым, пры падтрымцы Савета Міністраў і Главы нашай дзяржавы 2006 год быў абвешчаны Годам Маці. У сувязі з гэтым асаблівую значнасць набылі мерапрыемствы, прымеркаваныя да святкавання Дня Маці, які адзначаецца ў нашай рэспубліцы 14 кастрычніка. Нават атрымаўшы афіцыйны статус дзяржаўнага, гэтае свята ніколі не стане фармальнай датай у календары памятных падзей. Бо кожнаму з нас у гэты дзень выпадае магчымасць праявіць свае лепшыя чалавечыя якасці і пачуцці, выказаўшы пяшчотную любоў і бязмерную ўдзячнасць самаму роднаму і дарагому чалавеку на свеце - маці.

Святочныя ўрачыстасці напярэдадні Дня Маці прайшлі і ў галоўнай навучальнай установе Палесся - ГДУ імя Ф.Скарыны. Тут ўжо стала добрай традыцыяй запрашаць для віншавання з гэтым светлым восеньскім святам ганаровых гасцей - маці выдатнікаў вучобы, імянных стыпендыятаў універсітэта.

Лепшыя з лепшых студэнты нашай вну (а такіх на розных факультэтах і спецыяльнасцях усяго 12 чалавек, пры тым, што агульная колькасць студэнтаў дзённай формы навучання складае 7373!) разам з бацькамі сабраліся ў кабінеце кафедры педагогікі. І гэта мела сімвалічны сэнс, бо прысутныя у гэтай зале жанчыны годна выконваюць той адказны і пачэсны педагагічны абавязак і клопат, што ўскладаецца на іх мацярынскія плечы. Словы шчырай падзякі за выдатнае выхаванне іх дзяцей, якія за час навучання праявілі вылючныя поспехі ў вучэбнай і навуковай дзейнасці, высокія маральныя якасці, актыўную пазіцыю ў грамадскім жыцці, выказаў у сваім прывітальным слове прарэктар па вучэбнай рабоце ГДУ імя Ф.Скарыны прафесар І.В.Семчанка. Асаблівая ўвага ў яго выступленні была звернута на выключную важнасць духоўнай ролі маці ў працэсе фарміравання гарманічнай асобы.

З сапраўды бацькоўскім клопатам аб далейшым лёсе студэнтаў - будучых выпускнікоў прагучалі на гэтым ўрачыстым сходзе словы дэкана філалагічнага факультэта У.А.Бобрыка. Ён яшчэ раз падкрэсліў высокі ўзровень ведаў і навуковы патэнцыял імянных стыпендыятаў, выказаўшы спадзяванне, што ў хуткім часе яны стануць дастойнай выкладчыцкай зменай. Шчырую ўдзячнасць і бацькам, і выкладчыкам універсітэта за агульны клопат, падтрымку і дапамогу на шляху навучання і жыццёвага сталення выказала ў сваім выступленні студэнтка 5 курса філалагічнага факультэта Марыя Касцюкова, якая ўжо другі год носіць ганаровае званне імяннога стыпендыята.

Пасля ўсіх прыемных і ўрачыстых словаў, узрушаным і шчаслівым маці, што з поўным правам могуць ганарыцца сваімі таленавітымі дзецьмі, былі ўручаны лісты падзякі і кветкі. Пасля афіцыйнай часткі гасцей чакаў святочны канцэрт, прадстаўлены калектывамі мастацкай самадзейнасці ГДУ, дзе са сцэны гучалі цёплыя і пранікнёныя словы, адрасаваныя галоўнаму чалавеку на зямлі - МАЦІ.