Заахвочаны фондам прэзiдэнта

Сёння нашу дзяржаву асабліва хвалюе пытанне развіцця навукаёмістых галін вытворчасці, у сувязі з чым увага да таленавітай моладзі - кадравага патэнцыялу нашай навукі - значна ўзрасла. З мэтай стымулявання творчай ініцыятывы маладых людзей спецыяльным фондам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь прадугледжана іх сацыяльная падтрымка.

Штогод студэнты нашага універсітэта актыўна ўдзельнічаюць у рэспубліканскім конкурсе навуковых работ і звычайна атрымліваюць вышэйшыя ўзнагароды. Удзел у апошнім конкурсе прынёс нашаму універсітэту адразу 18 перамог, адна з якіх, дарэчы, належыць лабараторыі псіхолага-педагагічных і медыка-біялагічных параметраў кіравання фізічным выхаваннем (кіраўнік - ст. выкладчык кафедры АЛФК В. Дз. Падасінаў).

Ушанаванне таленавітай моладзі, уручэнне ёй спецыяльных пасведчанняў адбылося ў сценах нашага універсітэта 10 лістапада. Рэктар ГДУ прафесар А. У. Рагачоў адзначыў, што першыя значныя крокі, якія робяць студэнты ў навуцы, прыносяць карысць не толькі нашай вну, але і дзяржаве ў цэлым. Ён павіншаваў пераможцаў з такой важнай падзеяй у іх жыцці і пажадаў творчага натхнення.

- Для мяне перамога ў конкурсе - гэта вынік напружанай, карпатлівай навукова-даследчай працы, - прызнаецца адзін з лаўрэатаў М. Воінава-Страха. - Разам з тым гэта пачатак новага шляху, на якім неабходна не проста пацвердзіць атрыманае званне, але і пераўзысці яго.