Універсітэт перад'юбілейны

На мінулым тыдні ў актавай зале адбыўся сход працоўнага калектыву універсітэта. На яго парадак дня былі вынесены пытанні аб падрыхтоўцы да 75-гадовага юбілею ГДУ і вылучэнні ў сувязі з гэтым кандыдатур для ўзнагароджання медалём Францыска Скарыны і Ганаровай граматай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь. Сход вёў старшыня прафкама ГДУ У.В. Арлоў, які азнаёміў прысутных з палажэннем, згодна якому ўручаюцца гэтыя высокія дзяржаўная і ўрадавая ўзнагароды: медаля Францыска Скарыны ўдастойваюцца работнікі навукі, адукацыі і культуры за выдатныя дасягненні ў прафесійнай дзейнасці, значны асабісты ўклад у развіццё і прымнажэнне духоўнага і інтэлектуальнага патэнцыялу, культурнай спадчыны беларускага народа; Ганаровая грамата Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь прысуджаецца за заслугі ў дзяржаўным, гаспадарчым, сацыяльна-культурным будаўніцтве і ўмацаванні абароназдольнасці Беларусі.

На сходзе выступіў рэктар універсітэта прафесар А.У. Рагачоў. Ён адзначыў, што калектыў ГДУ знаходзіцца зараз на этапе актыўнай падрыхтоўкі да знамянальнай даты.

- Юбілей - гэта своеасаблівы агляд нашых дасягненняў, поспехаў, і яны, - падкрэсліў Аляксандр Уладзіміравіч, - будуць усебакова прадэманстраваны на выстаўцы, экспанаты якой рыхтуюцца.

Рэктар выказаў упэўненасць, што калектыў ГДУ будзе актыўным удзельнікам усіх падрыхтоўчых работ, каб з годнасцю сустрэць тут шматлікіх гасцей з далёкага і бліжняга замежжа, запрошаных на ўрачыстасці. А яны запланаваны на 16-17 чэрвеня. У іх праграме - урачыстыя пасяджэнні Савета, сход працоўнага калектыву, уручэнне ўзнагарод, выстаўка дасягненняў ГДУ, канцэрт творчых калектываў студэнцкага клуба і многае іншае.

Адбылося прадстаўленне кандыдатур для прысуджэння ўрадавых узнагарод. Як паведаміў старшыня прафкама У.В. Арлоў, папярэдне яны абмяркоўваліся на пашыраным пасяджэнні рэктарата. Гэтага высокага гонару ўдастоены доктар філалагічных навук, прафесар кафедры беларускай літаратуры Валянціна Станіславаўна Новак і доктар біялагічных навук, прафесар кафедры батанікі і фізіялогіі раслін Леанід Міхайлавіч Сапегін.