Аб тым, што наша навучальная ўстанова карыстаецца папулярнасцю ў абітурыентаў, у чарговы раз засведчыў "Дзень адчыненых дзвярэй", які быў праведзены ў ГДУ 25 сакавіка.
Звыш 700 юнакоў і дзяўчат, якія зараз робяць выбар, дзе і якую прафесію набыць, прыйшлі на сустрэчу з кіраўніцтвам ГДУ, дэканамі факультэтаў. Актавая зала вучэбнага корпуса №1 была запоўнена да адказу. Школьнікі, іх бацькі маглі атрымаць падрабязную інфармацыю аб Гомельскім дзяржуніверсітэце, яго факультэтах, спецыяльнасцях і спецыялізацыях, асаблівасцях сёлетніх Правілаў прыёму ў вышэйшыя навучальныя ўстановы, тэрмінах абавязковага тэсціравання і інш. Перад імі выступілі прарэктар па вучэбнай рабоце І.В.Семчанка, прарэктар па выхаваўчай рабоце С.І.Ханеня, дырэктар цэнтра тэсціравання С.А.Хахомаў, загадчык кафедры эканамічных тэорый Б.У.Сарвіраў.
Усебаковая інфармацыя для ўдзельнікаў "Дня адчыненых дзвярэй" утрымлівалася таксама ў спецыяльна падрыхтаваным зборніку "Абітурыент - 2006", буклеце аб ГДУ, а таксама ў нумары шматтыражнай газеты "Гомельскі універсітэт" ад 23 сакавіка, якія юнакі і дзяўчаты ахвотна набывалі.
Больш дэталёвае знаёмства абітурыентаў з факультэтамі адбылося непасрэдна ў час іх наведвання і гутарак з дэканамі, загадчыкамі кафедр.
Вялікая цікавасць вучнёўскай моладзі да ГДУ, яе жаданне набываць вышэйшую адукацыю менавіта тут - заканамерны вынік мэтанакіраванай прафарыентацыйнай работы выкладчыцкага калектыву універсітэта.