РУС | БЕЛ | ENG | CN | 

Гісторыя Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны пачынаецца з 1929 года, калі пастановай ЦВК БССР было прынята рашэнне аб адкрыцці ў Гомелі аграпедагагічнага інстытута. Выконваючы гэту пастанову, Калегія народнага камісарыята адукацыі БССР 7 мая 1930 года прыняла рашэнне аб прафіліраванні Гомельскага інстытута па трох кірунках – сацыяльна-гістарычным, літаратурна-лінгвістычным і фізіка-тэхнічным. Да 1933 года інстытут вёў падрыхтоўку настаўнікаў для школ з двухгадовым тэрмінам навучання. У 1933 годзе ён быў пераўтвораны ў педагагічны інстытут з трохгадовым тэрмінам навучання. Праз год інстытут быў рэарганізаваны ў ВНУ з чатырохгадовай праграмай навучання, якая прадугледжвала падрыхтоўку выкладчыкаў матэматыкі, фізікі, хіміі і прыродазнаўства. 5 сакавіка 1939 года Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР інстытуту прысвоена імя праслаўленага лётчыка В. П. Чкалава. Ректор университета: Хахомов Сергей Анатольевич

За гады існавання інстытут падрыхтаваў для розных галін народнай гаспадаркі каля 13000 высокакваліфікаваных спецыялістаў, былі дасягнуты значныя поспехі ў сферы навукі. Высокай адзнакай працы калектыву інстытута стала Пастанова ЦК КПБ і Савета Міністраў ад 14 сакавіка 1969 года № 93 аб пераўтварэнні Гомельскага педагагічнага інстытута ў Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт – другую ў Беларусі ВНУ такога высокага рангу.

За вялікія дасягненні ў вывучэнні і навуковым даследаванні культурнай спадчыны беларускага народа, культурна-асветніцкай дзейнасці найбуйнейшага гуманіста эпохі Адраджэння, усходнеславянскага і беларускага першадрукара Францыска Скарыны Саветам Міністраў БССР 29 лістапада 1988 года ўніверсітэту было прысвоена яго імя.

Сёння Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Францыска Скарыны – гэта найбуйнейшы навукова-даследчы і вучэбны цэнтр, які па праву атрымаў прызнанне ў айчыннай і сусветнай навуковай грамадскасці. Старэйшая ВНУ рэгіёна стала сапраўдным інтэлектуальна-культурным ядром Беларускага Палесся.

Навуковы патэнцыял ГДУ імя Ф. Скарыны дастаткова салідны. Агульная колькасць супрацоўнікаў – 1422 чалавекі, у тым ліку прафесарска-выкладчыцкі склад (без сумяшчальнікаў) – 657 чалавек. У ліку прафесарска-выкладчыцкага складу 39 дактароў, 34 прафесары, 248 кандыдатаў навук, 205 дацэнтаў. Сярод дактароў навук 4 члены-карэспандэнты НАН Беларусі (А.У.Рагачоў, А.М. Сердзюкоў, Р.Р. Ганчарэнка, У.Ф. Багінскі).

Рэзервам навуковых і выкладчыцкіх кадраў з’яўляецца аспірантура (51 спецыяльнасць) і дактарантура (5 спецыяльнасцей). З 2004 года адкрылася магістратура. Ва ўніверсітэце дзейнічае савет па абароне дысертацый па 5 спецыяльнасцях, у тым ліку адзін доктарскі.

Асноўнымі формамі навуковай дзейнасці ГДУ з’яўляюцца: выкананне фундаментальных, прыкладных і гасдагаварных навукова-даследчых работ; арганізацыя і правядзенне навуковых канферэнцый і семінараў; падрыхтоўка кадраў вышэйшай навуковай кваліфікацыі; арганізацыя і кіраўніцтва студэнцкай навукай; выставачная і інфармацыйная дзейнасць па прапагандзе дасягненняў навукі праз сродкі інфармацыі; вынаходніцтва і рацыяналізатарства; выдавецтва навуковай літаратуры (публікацыя манаграфій, артыкулаў, тэзісаў, часопісаў, зборнікаў).

Універсітэт праводзіць фундаментальныя, пошукавыя і прыкладныя даследаванні па 14 асноўных накірунках, зацверджаных 02.03.2016 г. Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь, якія адпавядаюць профілю выпускаемых спецыялістаў і сфарміраваны на аснове Пераліку прыярытэтных накірункаў фундаментальных і прыкладных навуковых даследаванняў Рэспублікі Беларусь на 2016-2020 гады, зацверджанага Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь 12.03.2015 г. № 190.

У 2011 годзе ўніверсітэт прайшоў акрэдытацыю ў Дзяржаўным камітэце па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь і Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі ў якасці навуковай арганізацыі (пасведчанне пра акрэдытацыю навуковай арганізацыі ад 20 красавіка 2011 г., № 7).

У склад універсітэта ўваходзіць 2 навукова-даследчых інстытута: гісторыі і культуры ўсходнеславянскіх народаў (з 2002 года) і фізіка-хімічны (з 2016 года) ; з 2006 года функцыянуе Цэнтр калектыўнага карыстання па экалагічнаму маніторынгу і даследаванню складу і ўласцівасцей рэчываў (ЦКК “Ізамер”) у складзе чатырох навукова-даследчых лабараторый: “Фізікахімія і тэхналогіі мікра- і нанапамерных сістэм”; “Фізікі і хіміі палімераў”; “Маніторынг экасістэм” і “Мас-спектраметрычны аналіз”. ЦКК забяспечаны ўнікальным навуковым абсталяваннем, а таксама высокакваліфікацыйнымі спецыялістамі для яго абслугоўвання і правядзення даследаванняў. Акрамя ЦКК, ва ўніверсітэце працуе яшчэ 14 навукова-даследчых лабараторый, якія займаюцца навуковымі даследаваннямі ў розных галінах ведаў, у тым ліку міжнародная Кітайска-Беларуская навуковая лабараторыя па вакуумна-плазменных тэхналогіях. Учебный корпус №4, ул. Советская, 104

Усяго ў 2015 годзе ва ўніверсітэце выконвалася 167 тэм (112 фінансуемых і 45 не фінансуемых, г.зн. тых, што выконваюцца за кошт другой паловы рабочага дня ПВС па асноўнай пасадзе), у тым ліку 63 заданні ДПНД, 31 грант БРФФД і 15 тэм па гаспадарчых дагаворах, выконваемых па заказах прадпрыемстваў і арганізацый Рэспублікі Беларусь, краін бліжняга і дальняга замежжа. У 2015 годзе аб’ём НДР і паслуг склаў 9480,34 млн.руб (сродкі Міністэрства адукацыі – 5654,6 млн.руб; сродкі рэспубліканскага бюджэту іншых заказчыкаў – 1887,55 млн.руб.; гаспадарчыя дагаворы – 693,19 млн.руб.; аказанне паслуг – 1245,0 млн.руб.

Вялікіх поспехаў дасягнуў універсітэт ў галіне міжнароднага супрацоўніцтва. На працягу апошніх пяці гадоў назіраецца істотнае павышэнне якасці міжнароднай дзейнасці ўніверсітэта, расце яго прызнанне за мяжой. Навукаёмістыя высокатэхналагічныя распрацоўкі ўніверсітэта выкарыстоўваюцца не толькі айчыннымі прадпрыемствамі і арганізацыямі, але і экспартуюцца за межы рэспублікі. Пацверджаннем арыгінальнасці і навізны ўзораў новай тэхнікі і тэхналогій, створаных вучонымі ўніверсітэта, з’яўляецца атрыманне імі аўтарскіх пасведчаннеў і патэнтаў, а таксама медалёў і дыпломаў на прэстыжных міжнародных выставах. Так, у 2015 годзе 33 экспанаты ўніверсітэта дэманстраваліся на 15 розных выставах, якія праводзіліся як у Беларусі, так і за яе межамі.

Універсітэтам устаноўлены цесныя навуковыя сувязі па выкананні навукова-даследчых работ з Расіяй, Украінай, Літвой, Кітаем, Фінляндыяй, Швейцарыяй і інш. Сувязі з вучэбнымі і навуковымі цэнтрамі свету па выкананні НДР пастаянна пашыраюцца. У 2015 выконвалася 20 НДР у межах міжнароднага супрацоўніцтва.

Выніковасць навуковых даследаванняў падтрымліваецца на дастаткова высокім узроўні. Так, у 2015 г. выдадзена 27 манаграфіі, 4 вучэбных дапаможнікаў з грыфам Міністэрства адукацыі і іншых устаноў, 51 зборнік навуковых прац, 2065 артыкулаў у часопісах і зборніках навуковых прац, у тым ліку 288 – у часопісах дальняга замежжа. Асноўную масу публікацый складаюць вакаўскія – 294, з імпакт-фактарам і ўваходзячыя ў Філадэльфскі спіс – 41. Таксама ў 2015 г. вынікі 87 распрацовак універсітэта выкарыстаны у вучэбным працэсе; атрымана 12 патэнтаў.

Ва ўніверсітэце выдаюцца 2 навуковыя часопісы «Известия Гомельского государственного университета имени Франциска Скорины» з перыядычнасцю 6 нумароў за год і «Проблемы физики, математики и техники», які выходзіць з перыядычнасцю 4 часопісы за год, унесеныя ў пералік ВАКа для публікацыі матэрыялаў дысертацыйных даследаванняў, а таксама ў Агульнарасійскі матэматычны партал Math-Net.Ru і навуковую электронную бібліятэку eLIBRARY.RU. Працягваецца работа па выданні часопіса «Проблемы физики, математики и техники» на англійскай мове. Штогод выдаецца зборнік навуковых работ студэнтаў і аспірантаў «Творчество молодых». У 2015 годзе ён выйшаў у трох частках. Учебный корпус №2 ул.Кирова, 119

Вядучая роля ГДУ ім. Ф.Скарыны ў развіцці навуковых даследаванняў выражаецца ў арганізацыі і правядзенні міжнародных, рэспубліканскіх і абласных навуковых канферэнцый. У 2015 годзе ўніверсітэт выступіў ініцыятарам і арганізатарам 29 навуковай канферэнцыі, у тым ліку 13 студэнцкіх. У сакавіку-красавіку 2015 ва ўніверсітэце праведзены “Дні студэнцкай навукі”. Усе факультэты прынялі актыў удзел у дадзеным мерапрыемстве – былі праведзены канферэнцыі на кафедрах і факультэтах. Па выніках канферэнцыі выдадзены зборнік тэзісаў найбольш цікавых дакладаў студэнтаў, магістрантаў і аспірантаў “ДНІ СТУДЭНЦКАЙ НАВУКІ” ў 2-х частках.

Аб стане НДРС ва ўніверсітэце сведчаць наступныя лічбы: у 2015 годзе на канферэнцыях розных узроўняў студэнтамі было прачытана 2177 дакладаў; апублікаваны 2062 навуковыя працы. Колькасць навуковых работ і экспанатаў студэнтаў, якія сталі пераможцамі на конкурсах і выставах рознага ўзроўню ў 2015 годзе, склала 140.

У 2015 г. на Рэспубліканскі конкурс на лепшую студэнцкую работу па прыродазнаўчых, тэхнічных і гуманітарных навуках прадстаўлена 145 прац. Па выніках конкурса прысуджаны званні “Лаўрэат Рэспубліканскага конкурса навуковых работ студэнтаў 2015 года” 4 аўтарам. Дыпломамі першай катэгорыі ўзнагароджана 24 работы, другой катэгорыяй – 75 работ, трэцяй катэгорыяй – 28 работ, без катэгорыі – 14 работ.

Сёння ва ўніверсітэце працуе 42 студэнцкіх творчых падраздзяленняў. Асноўная іх задача – паляпшэнне падрыхтоўкі высокакваліфікаваных спецыялістаў, якія валодаюць сучаснымі дасягненнямі навукі і тэхнікі, комплексам навыкаў і метадаў правядзення навуковых даследаванняў.

Міжнароднае супрацроўніцтва ўстановы адукацыі “Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Ф. Скарыны” праяўляецца ў развіцці кантактаў і заключэнні дагавораў з замежнымі партнёрамі, рэалізацыі сумесных праектаў і праграм, удзеле ў міжнародных канферэнцыях, арганізацыі і правядзенні міжнародных мерапрыемстваў з удзелам замежных спецыялістаў.

Ва ўніверсітэце дзейнічае 135 дагаварой аб супрацоўніцтве з замежнымі адукацыйнымі і навуковымі ўстановамі з 30 краінамі свету, у тым ліку: 60 дагавароў – з краінамі дальняга замежжа (Кітай, Ісламская Рэспубліка Іран, Венгрыя, В’етнам, Індыя, Германія, Швецыя, Фінляндыя, Францыя, ЗША, Японія, Польшча, Румынія, Сербія, Славакія, Балгарыя, Чэхія, Мексіка, Іспанія, Карэя, Тайвань) і 75 дагавароў – з ВНУ блізкага замежжа (Расія, Украіна, Малдова, Латвія, Літва, Казахстан, Кыргызстан).

Усе дагаворы заключаны на безвалютнай аснове і прадугледжваюць узаемадапамогу ў навуковых даследаваннях і падрыхтоўцы спецыялістаў, абмен студэнтамі і навуковай інфармацыяй.

Паспяхова функцыянуе кабінет кітаязнаўства, які быў адкрыты ў чэрвені 2006 года пры падтрымцы і садзеянні Пасольства КНР у Рэспубліцы Беларусь. Заняткі ў ім праводзяць выкладчыкі з Кітая, якія прыбылі на работу пры падтрымцы Пасольства КНР у Рэспубліцы Беларусь у межах Пагаднення паміж Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь і Дзяржаўнай канцылярыяй Кітая па міжнародным распаўсюджанні кітайскай мовы.

На філалагічным факультэце паспяхова працуе навукова-метадычны цэнтр Цэнтр русістыкі, адкрыты пры падтрымцы Пасольства Расійскай Федэрацыі ў Рэспубліцы Беларусь.

З 2006 года ўніверсітэт уваходзіць у Асацыяцыю “Інтэр-Акадэмія”. Асацыяцыя з’яўляецца міжнароднай арганізацыяй, якая аб’ядноўвае 7 універсітэтаў з Японіі, Германіі, Венгрыі, Славакіі, Польшчы, Румыніі і Беларусі.

У верасні 2013 года было прынята рашэнне аб стварэнні ў Гомельскім дзяржаўным універсітэце Кабінета Канфуцыя Рэспубліканскага інстытута кітаязнаўства імя Канфуцыя БДУ. Кабінет быў адкрыт у лютым 2016 года. Учебный корпус №5 ул.Советская, 102

Універсітэт актыўна ўдзельнічае ў выкананні міжнародных праектаў. У студзені 2013 года паспяхова быў завершаны праект ТЭМПУС “Удасканаленне і развіццё прафесіяналізаванага навучання (MODEP)”, ETF-JP-00408-2008, каардынатарам якога быў універсітэт Овернь-Клермон І (Францыя).

У студзені 2015 года паспяхова завершаны праект ТЭМПУС “Падрыхтоўка і павышэнне кваліфікацыі выкладчыкаў дысцыплін па турызме ў Рэспубліцы Беларусь” (“TETVET”). Каардынатарам праекта выступаў універсітэт г. Падэрборн (Германія).

На сённяшні дзень універсітэт выконвае тры праекты ТЭМПУС:

  1. “Усходняе партнёрства ў галіне педагагічных інавацый у рамках інклюзіўнага навучання” (INOVEST). Каардынатар праекта – універсітэт г. Карлсруэ (Германія);
  2. “Экалагічная адукацыя для Беларусі, Расіі і Украіны” (EcoBru). Каардынатар праекта – універсітэт г. Брэмена (Германія);
  3. “Цэнтры перадавога вопыту для маладых вучоных” (CERES). Каардынатар праекта – універсітэт г. Жыліна (Славакія).

Універсітэт удзельнічае ў якасці асацыятыўнага партнёра ў праекце стыпендыяльнай праграмы “Erasmus Mundus IANUS II Inter-Academia Network IANUS II”. Каардынатар праекта – універсітэт Александру Іоан Куза г. Ясы (Румынія).

Сёння ва ўніверсітэце навучаецца 569 грамадзян далёкага і бліжняга замежжа (грамадзяне Тукменістана, КНР, Йемена, Ірака, Лівана, Сірыі, Турцыі, Расіі, Украіны, Азербайджана, Узбекістана, Лівіі, Таджыкістана, Нігерыі, Арменіі, Ізраіля, В’етнама, Кыргызстана).

Жаданне глыбока вывучыць і захаваць для новых пакаленняў самабытнасць і непаўторнасць славянскай культуры, унесці свой уклад у духоўнае адзінства брацкіх славянскіх народаў – беларускага, рускага і ўкраінскага – натхніла вучоных Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Ф. Скарыны выйсці з прапановай стварыць Міжнародную асацыяцыю “Інстытут славістыкі” як форму супрацоўніцтва вну і навуковых устаноў суседніх дзяржаў – Беларусі, Расіі і Украіны. Актуальнасць і неабходнасць стварэння такой Асацыяцыі абумоўлена, па-першае, тым, што ўнікальная матэрыяльная і духоўная культура гэтага ўсходнеславянскага рэгіёна яшчэ не вывучана ў поўным аб’ёме, па-другое, многія этнакультурныя элементы – гістарычныя помнікі, вырабы традыцыйных народных рамёстваў, дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, абрады і звычаі, творы вуснай народнай творчасці, дыялектныя назвы – паступова знікаюць у сувязі з адсяленнем значнай колькасці жыхароў з Чарнобыльскай зоны Беларусі, Украіны і Расіі, па-трэцяе, каштоўнасці народнай матэрыяльнай культуры няспынна страчваюцца і ў выніку разбурэння часам, а таксама генерацыі пакаленняў.

Дзверы нашага ўніверсітэта шырока адчынены для ўстанаўлення кантактаў з усімі, хто жадае атрымаць у нас вышэйшую адукацыю.


    Установа адукацыі "Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Францыска Скарыны" © 1997-2017
    246019, г. Гомель, вул. Савецкая, 104
     (0232) 60-73-71, факс 57-81-11
     ГДУ Webmaster